Былога начальніка спажывецкага рынку Менску пасадзілі на 14 гадоў


Былы начальнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкама Сяргей Барысевіч за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такі прысуд запытаў 30 студзеня пракурор, паведамляе БелТА.

Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Астатнім удзельнікам справы – кіраўнікам харчовых камбінатаў, школьных сталовак і крамаў – прысудзілі ад двух гадоў умоўнага да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Маштабныя паборы з крамаў і камбінатаў школьнага харчавання працягваліся ў 2013-2017 гадах. Па дадзеных следства, наяўныя перадавалі Сяргею Барысевічу ў абмен на абяцанні паменшыць колькасць праверак і не рэагаваць на парушэнні.

Сяргея Барысевіча затрымалі ў красавіку 2017 года. Агульная сума хабару каля 90 тысяч долараў. На допытах і ў судзе Барысевіч заявіў, што нічога не памятае пра пытанні аб кадравых зменах і перастаноўках у ягоным ведамстве. Не ўспомніў ён і пра абставіны набыцця браніраванага Mercedes-Benz 600, які ён набыў супольна з грамадзянінам Аляксандрам Касоўскім.

На пытанне, якім чынам чыноўнік набыў два аўтамабілі (Pajero і Mercedes-Benz ML 350), кватэру на праспекце Пераможцаў ды матацыкл Harley Davidson, Барысевіч растлумачыў, што кватэру набыў у крэдыт, адну машыну набыў цесць, а на другую ён назбіраў сам, а матацыкл належыць жонцы ягонага сябра.

Аб’ектыў
4 сакавіка можа прагучаць самы жорсткі прысуд у гісторыі антыкарупцыйных справаў Беларусі
2019.02.18 21:22

Адзначым, што за карупцыю быў затрыманы і пераемнік Сяргея Барысевіча – Андрэй Дамарацкі. Яго арыштавалі ў траўні 2018 года.

З 20 жніўня Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку ўзначаліў Андрэй Улезла. Раней ён займаў пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Белбакалея».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў