«Было страшна, што на месцы могуць расстраляць». Кампанія віцяблянаў адпачывала ў лесе. Па іх прыехаў АМАП


У выходны дзень вялікая кампанія патрыятычных віцяблянаў адпачывала на прыродзе, падалей ад мітусні і чужых вачэй. Гатавалі шашлык, размаўлялі. Але аказалася, што нават у лесе збірацца нельга, а на кожнае дрэва ў краіне знойдзецца сілавік. Картэж бусаў з АМАПам прыехаў на пікнік. На людзей зладзілі начное паляванне. Адных – затрымалі, другіх – загналі ў балота. Там, у холадзе і страху, людзі праседзелі некалькі гадзінаў. «Але сцягі вынеслі».

Ілюстрацыйнае фота. Колькасць сілавікоў у краіне ўражвае.
Фота: Агата Квяткоўска «Белсат»

«Мы – у лесе. У нас – сцягі. Вакол нікога»

У суботу, 31 кастрычніка, вялікая кампанія аднадумцаў і сяброў сабралася ў мікрараёне Білева Віцебску. Спачатку гулялі ў футбол. Пасля вырашылі правесці час каля вогнішча. Паехалі за Варонаўскае кола ў лес, далей ад населеных пунктаў, каб нікому не замінаць. Размаўлялі, гатавалі шашлык, зладзілі фотасесію з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Каля дзевяці вечара ўбачылі, як па дарозе пад’язджае цэлы картэж міліцэйскіх машын і бусаў. Колькі іх было, невядома. Хтосьці налічыў шэсць аўто, хтосьці – дзесяць.

Спачатку ўсе засмяяліся, што вось і сюды АМАП прыехаў. Але потым зразумелі, што гэта – да іх, і што сітуацыя – рэальна жудасная.

«Мы – у лесе. У нас – сцягі. Вакол нікога. Было страшна, што яны на месцы могуць нас расстраляць, рукі адсекчы, улічваючы тое, што Лукашэнка даў ім карт-бланш. Тым больш – лес, сведак няма. Яны маглі рабіць, што заўгодна», – распавядае Таццяна.

Сябры пахапалі сцягі, проста пазрывалі з дрэў і пабеглі ў лес.

«Нічога лепшага прыдумаць не змаглі. Быць злоўленымі – было вельмі страшна», – гаворыць суразмоўца.

Заблудзіліся, трапілі ў балота, змоклі

Ілюстрацыйнае фота. Жорсткасць сілавікоў у краіне ўражвае. Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Большасць кінулася глыбей у лес.

А хто не ўцякаў – паехалі ў Віцебскі РАУС. Іх затрымалі, праверылі на алкаголь і наркотыкі і потым адпусцілі.

Тры дзяўчыны пабеглі разам і схаваліся ў кустах, дзе прасядзелі каля трох гадзін. Яны бачылі, як зʼязджаюць два бусы і легкавыя машыны, але адна машына засталася стаяць з выключанымі фарамі. Туды-сюды па дарозе ездзіла яшчэ адна – пільнавалі, каб ніхто не выйшаў незаўважаным з лесу.

«Схавалі ў лесе сцягі, пачысцілі тэлефоны ад фота і змірыліся, што затрыманняў не пазбегнуць. Як у нейкім квэсце, адчулі сябе партызанамі, а там, праз поле, – нібыта фашысты», – узгадвае Валянціна.

Hавiны
«Я – эксперт у мяшках на галаве». Гутарка з выдвараным з Беларусі Антонам Раднянковым
2020.11.05 13:54

У іншым месцы хаваўся Мікалай. Ён кажа, што выходзіць і дабравольна здавацца жадання не меў.

«Мы ўсе сядзім у лесе ў страху, што нас, як мінімум, затрымаюць і прыпішуць немаведама што. Як максімум, будуць страляць з дазволу Лукашэнкі», – распавядае ён.

Вераніка з сяброўкай таксама імкнуліся ўратавацца ў лесе.

Але заблудзіліся, трапілі ў балота, змоклі. Вераніка ўзгадвае, што ўсё было, як у жудасным сне: «Куды б ні ішлі – усюды былі балоты. Блукалі вельмі доўга, больш за гадзіну. Тэлефанавалі знаёмым, і яны нас знайшлі».

Потым сябры шукалі астатніх уцекачоў. Каля шасці гадзін не маглі знайсці. У адчаі папрасілі дапамогі ў МНС. Толькі праз гадзіну пасля просьбы аб дапамозе, распавядаюць суразмоўцы, супрацоўнікі МНС ператэлефанавалі і спыталі, адкуль іх забраць. Заблукаўшых сяброў шукалі да чацвертай раніцы.

Ні алкаголю, ні наркотыкаў

Алёна таксама доўга хавалася ў лясным балоце. Але ля месца пікніка засталася яе машына. Яна вырашыла пайсці да яе і паспрабаваць з’ехаць – такім чынам перацягнуць увагу міліцыі і даць магчымасць іншым збегчы.

За Алёнай паехала міліцэйская машына. Ля Віцебска на аўтазапраўцы жанчыну спыніў супрацоўнік ДАІ і паведаміў, што яна – затрыманая. Быццам у гэтым лесе праводзілася закладка наркотыкаў.

Hавiны
«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў
2020.11.03 07:02

У машыну да Алёны сеў супрацоўнік АМАПу, і яны паехалі ў Віцебскі РАУС. Там ужо было пяць чалавек з іх кампаніі.

«Мяне і яшчэ адну дзяўчыну павезлі на агляд, дзе праверылі на наяўнасць алкаголю і наркотыкаў у крыві. Нічога не знайшлі. Пасля гэтага зноў адвезлі ў РАУС і правялі гутарку. Гутарка праходзіла наконт бел-чырвона-белых сцягоў. Пратаколаў ніякіх складзена не было, толькі перапісалі пашпартныя дадзеныя і адпусцілі», – паведаміла Алёна.

Прыйшлі на дапамогу

Аляксандр з той кампаніяй «партызанаў» не быў. Але калі ўвечары ў телеграм-каналах зʼявілася інфармацыя, што дзесьці ў лесе затрымліваюць моладзь, якая пасля футбола паехала на шашлыкі, ён паклікаў сяброў, і яны адправіліся выратоўваць людзей.

І насамрэч змаглі некаторых знайсці.

«З лесу выйшлі дзве дзяўчыны – змёрзлыя і напалоханыя. Я такіх людзей бачыў пасля Плошчы-2010, калі іх з парку Горкага вылоўлівалі», – прыгадвае Аляксандр.

Разам яны паехалі ў Віцебскі РАУС, каб падтрымаць затрыманых і адвезці іх потым дахаты. Затрыманым супрацоўнікі міліцыі казалі, што месца іх адпачынку ў лесе нехта з кампаніі здаў.

Hавiны
«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты
2020.11.04 09:14

Увесь гэты жах, што перажылі людзі, не ўкладаецца ў іх у галовах. Навошта дасылаць сілавікоў да мірных людзей у лес? Чаму ўжо нават у лесе нельга схавацца і пабыць без АМАПу?

«Гэтая дзічына ў лесе была арганізаваная для запалохвання. Каб людзі не выходзілі на пратэсты», – мяркуе Аляксандр.

Ці будзе ў гісторыі нейкі судовы працяг, невядома.

Крысціна Авакумава, Belsat.eu

Стужка навінаў