«Было адчуванне, нібы нас захапілі тэрарысты». Аповед жанчыны, 9-гадовага сына якой білі нагамі і дубінкай


Жыхарка Менску Іна Радвілайте 11 жніўня вярталася з сыном дамоў на Каменную Горку. Недалёка ад дому яны зайшлі ў краму і трапілі ў аблаву міліцыі. Хлопчыка за тое, што ён не хацеў класціся на падлогу, пабілі.

«Мордамі ў падлогу! Да сцяны!» Як людзі сталі закладнікамі ў краме

Іне дагэтуль вельмі страшна ўзгадваць пра падзеі таго вечара. Жанчына кажа, што моцна «накрыла» цяпер, на трэці дзень. Яна баіцца выйсці з дому нават днём.

«Мне вельмі страшна цяпер. Я баюся, што мяне могуць у любы момант арыштаваць. Я баюся не толькі выходзіць, але дома быць – раптам нехта ўварвецца? Я жыву ўдваіх з дзіцём. Калі мяне арыштуюць, што будзе з ім? Нейкі жах адбываецца. У дзіцяці стрэс, ён стаў дрэнна спаць».

Іна Радвілайте. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Іна вярталася ў свой раён – Каменную Горку – 11 жніўня каля 23-й гадзіны ўвечары.

«Гэта быў яшчэ не вельмі позні час. Мы былі ў медычным цэнтры, потым паехалі дамоў. Сувязь не працавала, я не магла выклікаць таксі, – распавядае жанчына. – Навокал усе стралялі, бамбілі. У выніку мы пешшу дайшлі з цэнтру да Пушкінскай, а там знайшлі таксі. Паехалі ў краму, каб набыць прадукты. У той момант, калі пад’ехалі, там не было нейкай спецтэхнікі, міліцыі. Былі людзі, так. Але што дзіўнага, што людзі цяпер збіраюцца. Тым больш, тыя, хто пратэстуюць, яшчэ ніколі не прадстаўлялі пагрозы для мяне, у адрозненні, як высветлілася, ад людзей, якія павінны нас абараняць».

Разам з сынам Іна зайшла ў прадуктовую краму недалёка ад дома. Хлопчык папрасіўся ў прыбіральню.

Пасля сустрэчы з міліцыянтамі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Мы побач жывем, добра ведаем гэтую краму – яна не такая ўжо і вялікая, і я адпусціла сына ў прыбіральню, – распавядае далей мянчанка. – І тут пачаліся выбухі, страляніна. У гандлёвым цэнтры абвесцілі, што яны зачыняюцца, і нікога не будуць пускаць у краму. Людзі пайшлі да дзвярэй глядзець, што там адбываецца. Я таксама падышла і стала здымаць. Там было шмат супрацоўнікаў міліцыі. Яны бегалі за людзьмі, стралялі, кідалі гранаты. Людзей, якія выходзілі з крамы, з пакетамі, з прадуктамі, адразу арыштоўвалі і заводзілі ў аўтобусы. Мы разумелі, што мы там заблакаваныя, і што калі мы захочам выйсці і пайсці дадому, то нас арыштуюць».

На Архэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Іна кажа, што людзі адчувалі сябе закладнікамі. Найбольш страшна стала, калі амапаўцы сталі ламацца ў дзверы.

«Начальнік аховы крамы папрасіў, каб той, хто стаў ламаць дзверы, паклікаў свайго начальніка, каб мы зразумелі, хто яны – раптам бандыты? – узгадвае Іна. – Ён хацеў патлумачыць, што ў нас усё спакойна, няма ніякай акцыі, што тут звычайныя пакупнікі, жанчыны з дзецьмі. Але яго ніхто не слухаў. Яны натоўпам сталі ламаць дзверы. Я тады зразумела, што яны зараз уварвуцца, а мой дзяцёнак дагэтуль у прыбіральні, мне стала вельмі страшна. Ды ва ўсіх пачалася паніка. Людзі сталі крычаць. Я кінулася бегчы ў бок прыбіральні, і тут чую за спіной, што яны ўжо ўварваліся. Яны крычалі людзям матам, такім адборным матам, «мордамі ў падлогу! Да сцяны!». Я схавалася пад прылаўкам, каб бачыць, што адбываецца, і калі будзе ісці мой дзяцёнак, яго адразу схапіць. Я разумела, што калі б я не схавалася, мяне б затрымалі, і я б не змагла нічога нікому патлумачыць. Ніхто б не стаў слухаць, што ў мяне тут дзіця. Калі я хавалася, я адчувала сябе так, нібыта нас захапілі тэрарысты, што гэта не міліцыя, якая павінна нас абараняць».

«Мама, я больш ніколі не пайду ў прыбіральню, прабач мяне!»

Сын доўга не ішоў. Іна не вытрымала і пайшла яго шукаць.

«Я выйшла, гляджу – шмат хто ляжыць на падлозе, некаторыя стаяць у сцяны. Было шмат крыві на падлозе. На жанчын амапаўцы крычалі матам, называлі прастытуткамі, таксама загадвалі класціся мордамі ў падлогу. Я стала гучна клікаць свайго сына. І я пабачыла яго разам з нейкай жанчынай на падлозе, яна закрывала яго сабой. Ён пачуў мяне, прыбег. І расказаў, што яго білі, прымушалі класціся на падлогу, а ён не хацеў, супраціўляўся, хацеў ісці шукаць мяне», – жанчына ледзь стрымлівае слёзы, распавядаючы.

«Калі я ўсё гэта расказваю, мне зноў робіцца вельмі дрэнна і страшна…, – кажа Іна. – Нас сталі выводзіць з крамы. Некага вялі ў аўтобусы, некага проста на вуліцу. Я моцна трымала сына і пайшла на вуліцу. Магчыма, мяне не забралі, бо я была з дзіцём. На вуліцы я не разумела, куды ісці, каб гэта было бяспечна. Бегалі людзі, за імі – амапаўцы, стралялі. Было шмат газу, цяклі слёзы, было цяжка дыхаць. Нас проста травілі. Я павольна пайшла ў бок свайго дома. На нас ішла калона супрацоўнікаў, і я стала ім крычаць – адвядзіце мяне з сынам дадому, мне страшна, я хачу дамоў! Мне страшна, што нас зараз заб’юць. Адзін з іх падышоў да мяне і запытаўся, дзе мы жывем. Узяў мяне за руку і сказаў, што адвядзе дамоў. Калі мы праходзілі аўтобус, мне стала страшна, што ён мяне зацягне туды. Я сказала – не, у аўтобус я не пайду. Але ён павёў нас да скрыжавання. Усю дарогу ён на супакойваў, казаў – ніхто вас не кране, не бойцеся, трымаў мяне за руку. Але сын быў у такім стрэсе страшэнным – усю дарогу крычаў: мама, я больш ніколі не пайду ў прыбіральню, прабач мяне. Ён цяпер так дрэнна спіць, стаў нервовым».

Hавiны
«Калі ўпаў – гасяць, пакуль не ўстанеш». Што робяць з людзьмі на Акрэсціна
2020.08.13 17:28

Распавядаючы пра стан сына, жанчына зноў ледзь не плача. Але стараецца ўзяць сябе ў рукі і ўзгадвае далей падзе таго вечара:

«На скрыжаванні мы спыніліся на чырвонае святло святлафора. І раптам пад’ехалі сінія аўтобусы, з іх выскачылі людзі ў чорнай форме са зброяй і пачалі страляць па машынах. Супрацоўнік, які нас суправаджаў, адштурхнуў ад дарогі, бо ў нас маглі трапіць кулямі. Там пачалося нешта страшнае. І той, хлопец, што нас суправаджаў, пабег. Мы засталіся адныя. Я ўжо бачыла свой дом. На зялёнае святло мы пайшлі праз дарогу, і калі мы былі ў цэнтры дарогі, на нас з сынам ехала машына ДАІ, і два сініх аўтобуса. Яны нас ледзь не збілі, яны ляцелі на чырвонае святло. Калі мы перайшлі дарогу, я пайшла да людзей у форме і стала прасіць, каб нас давялі да дому, бо я бачыла, што каля майго дому бегала шмат людзей, стралялі. Адзін з супрацоўнікаў падышоў да начальніка, распавёў пра нас. Ён падышоў, я стала яму казаць: растлумачце, дзе я цяпер знаходжуся? Я ў цэнтры Менску, у цэнтры Еўропы? Чаму я з дзіцём баюся ісці дамоў? За што яны так з намі? Ён сказаў, што я апынулася не ў тым месцы не ў той час, ідзіце дамоў. Я яму кажу – мне страшна. Ён адказвае – калі вам страшна, то мы зараз вас з сынам пасадзім у аўтобус і будзеце там сядзець. Маўляў, жанчына, не правакуйце, ці мы вас зараз пасадзім у аўтобус. Я замаўчала».

«За што вы ваюеце? – А..й яго ведае»

Той начальнік загадаў сваім людзям правесці іх з сынам, распавядае далей жанчына. Як падлічыў сын, агулам суправаджалі іх шэсць супрацоўнікаў. На лаўцы каля пад’езду Іна села, каб супакоіцца і запыталася ў хлопцаў – за што вы ваюеце цяпер? Па словах жанчыны, яны з матам адказалі: «А …й яго ведае».

«Яны самі не ведаюць, за што яны цяпер збіваюць людзей – дзяцей, жанчын…»., – рэзюмуе мянчанка.

Ужо дома жанчына пабачыла кроў на сваіх джынсах, а на назе – рану. Іна кажа, што нават не заўважыла, дзе і калі яе атрымала, бо не адчувала болю.

Інтэрв’ю
«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»
2020.08.12 13:04

«Гэта было вельмі страшна. Гэтыя некалькі хвілін страху, што я ў закладніках у тэрарыстаў – гэта каштуе палову майго жыцця. А таго, што яны так здзекаваліся над маім сынам, я ніколі ім не прабачу, – замест слёз у голасе мянчанкі – злосць. – Адзін амапавец ударыў яго нагой па назе, у сына застаўся вялізны сіняк. А калі ён не хацеў класціся на падлогу, той ударыў яго дубінкай па спіне. Я не магу прабачыць такога абыходжання. За што з намі так? Мы былі звычайнымі пакупнікамі ў той краме. Мы не мітынгавалі, не ўдзельнічалі ў пратэстах. Але мы пацярпелі фізічна і маральна. Хто за гэта адкажа? Чаму мне кажуць, што я нібыта аказалася не ў тым месцы не ў той час? А чаму яны – міліцыя – не пралічылі свае дзеянні, не ўлічылі, што там могуць быць звычайныя гараджане, жанчыны, у тым ліку цяжарныя, дзеці? За што яны як сабакі накінуліся на людзей і лупілі іх так, што на падлозе былі лужы крыві?»

Hавiны
«Білі на вачах у дзяцей». Хто такі Міхаіл Сімакоў, якога вінавацяць у фінансаванні пратэстаў
2020.08.13 14:18
Hавiны
25-гадовы гамяльчук памёр пасля затрымання
2020.08.12 20:36

НА belsat.eu

Стужка навінаў