«Былі гатовыя запускаць украінскі канал, але арыштавалі Шаройку», – амбасадар Украіны Ігар Кізім


Менск і Кіеў былі гатовыя запусціць сумесны праект – украінскі канал, які вяшчаў бы ў Беларусі, але перашкодай гэтаму стаў «шпіёнскі скандал» з затрыманнем украінскага журналіста Паўла Шаройкі ў Менску.

Пра гэта амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў у інтэрв’ю TUT.BY.

Напрыканцы мінулага верасня беларускі бок атрымаў усю неабходную тэхнічную інфармацыю, але да рэалізацыі справа так і не дайшла.

«Гісторыя з тэлеканалам для мяне, шчыра кажучы, дэтэктыўная. На сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, якая прайшла ў Кіеве ў ліпені мінулага года, мне нават падалося, што Аляксандр Рыгоравіч зацікаўлены ў канале больш, чым Пётр Аляксеевіч. Бо «Беларусь 24» вяшчае ва Украіне, і ўсё ім вельмі задаволеныя. Таму пасля сустрэчы прэзідэнтаў мы сталі актыўна працаваць і дасягнулі пэўных дамоўленасцяў з Ліліяй Станіславаўнай (Ананіч, – заўв.рэд).

Мы выходзілі на падпісанне, і ўжо фактычна планаваўся візіт нашага міністра інфармацыйнай палітыкі, дзе планавалася падпісаць усе дакументы. Але потым здарылася затрыманне Шаройкі. І было б, вядома, дзіўна, калі б украінскія журналісты паехалі ў краіну, дзе затрымалі іх калегу», – патлумачыў Кізім.

Паводле словаў дыпламата, праз пэўны час амбасада зноў узняла пытанне тэлеканалу. У лютым адбылася сустрэча з новым міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам і ягоным намеснікам Паўлам Лёгкім і іншымі. Але там украінцам сказалі, што трэба яшчэ пачакаць і падумаць. З гэтай нагоды Кізім выказаў здзіўленне.

Наконт падрабязнасцяў справы ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якога абвінавацілі ў шпіянажы, амбасадар мае няпоўную інфармацыю. Паводле Кізіма, падобныя скандалы «не робяць нічога карыснага» для двухбаковых стасункаў.

Павел Шаройка, фота з сацыяльных сетак

«Тут мне цяжка нешта каментаваць, бо для мяне, амбасадара, які прысутнічае ў гэтай краіне, суд над грамадзянінам Украіны Паўлам Шаройка праходзіць закрыта. Да яго пускаюць адваката, консула, ён піша лісты аб парушэнні правоў чалавека. Пра Шаройку пасля восеньскага брыфінгу КДБ Беларусі ніякіх каментароў для нас не было. Консула да яго пусцілі толькі пару разоў, я зрабіў запыт у МЗС, каб нам растлумачылі, на якой стадыі зараз знаходзіцца суд. Але, мяркуючы па ўсім, пра прысуд мы даведаемся з прэсы», – сказаў Ігар Кізім.

Дыпламат таксама нагадаў, што ўкраінскі бок дагэтуль не атрымаў ад МЗС Беларусі адказу на ноту ў сувязі з затрыманнем у Гомлі ўкраінца Паўла Грыба, вывезенага ў Краснадарскае СІЗА.

Акрамя таго, Кізім пракаментаваў ход менскага перамоўнага працэсу па Данбасе. Паводле яго, Менск як пляцоўка для паседжанняў Трохбаковай кантактнай групы не вычарпаў сябе.

«Відавочна, што пытанне не ў месцы, дзе адбываюцца перамовы, а ў напаўненні гэтых перамоваў і жаданні бакоў дасягнуць кампрамісу. Для мяне асабіста і для ўдзельнікаў перамоваў Менск вельмі камфортны ў плане лагістыкі. Гэта ж прызнаюць і міністры замежных спраў Украіны і Беларусі. Таму змена пляцоўкі ніякага сэнсу не мае. А вынікі перамоваў перш за ўсё залежаць ад Расеі і жаданні ўсіх бакоў. Калі ўсе бакі будуць выконваць дамоўленасці, дасягнутыя на перамовах, будуць і вынікі».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў