Былая прэс-сакратарка ОНТ жорстка выказалася пра працу дзяржпрапаганды


Былая прэс-сакратарка ОНТ Таццяна Курбат на сваёй старонцы ў Instagram заклікала не верыць беларускаму тэлебачанню і распавяла, як у 2010 годзе з ОНТ звальнялі Сяргея Дарафеева.

Курбат была прэс-сакратаркай ОНТ падчас падзеяў 2010 года. «Упэўнена, хтосьці памятае выпуск праграмы «Выбар», калі Сяргея Дарафеева звольнілі амаль у наўпроставым эфіры. Таму што адышоў ад узгодненага сцэнарыя і не змог стрымаць сваё абурэнне і грамадзянскую пазіцыю. Праз што галоўная па падліку галасоў проста выбегла са студыі», – нагадвае яна.

«Мне было 23. І я, да свайго сораму, мала што разумела ў тым, што адбываецца. Пасля той страшнай ночы, калі ілюзіі разбіліся, – усё хутка прыйшлі ў сябе. Мне забаранілі прызнавацца журналістам іншых СМІ, што знікненне Дарафеева з эфіру звязана з палітыкай. «А інакш пойдзеш туды ж, куды і твой Дарафееў», – сказаў мне кіраўнік (які там ужо не працуе). Мне было сорамна. Мне было брыдка. Мне было цяжка. Не магу пахваліцца, што пайшла адразу ж. Не. Цяпер, вядома, зрабіла б гэта імгненна. А яшчэ верагодней – ДА ўсяго», – піша Курбат.

Курбат прызнаецца, што ёй было страшна страціць працу, але яна звольнілася і яе жыццё пасля гэтага зусім не пагоршылася, а наадварот стала больш свабодным і сумленным.

«Я не працавала тварам у кадры. Не апаганвала невінаватых. Не фабрыкавалі дадзеныя. Не склейвала па секундах інтэрв’ю для сюжэту, каб змяніць сэнсавыя націскі, як гэта рабілі «новостники». Не ўводзіла ў зман тых, хто верыць «тэлевізары». Але я усё гэта бачыла за кулісамі. І досыць недарэчна «перакладала» на мову іншых СМІ, якія прыходзілі да мяне ў прэс-службу з пытаннямі. Недарэчна, таму што не ўмела і не хацела хлусіць», – распавядае былая прэсавая сакратарка.

Курбат прызнаецца, што цяпер з болем глядзіць на тое, што адбываецца ў эфіры беларускага тэлебачання. «І па некалькі разоў на дзень літаральна гарлапаню ў трубку маці і бабулі: «Гэта няпраўда!!! Слухайце мяне, а не БТ!!!». А яшчэ навучыла іх глядзець правільны інтэрнэт і ДУМАЦЬ», – піша яна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў