Бязмежная наіўнасць ўлады

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пакуль народ доблесна змагаецца з каронавірусам, працягваецца суд над экс-шэфам аховы прэзідэнта Беларусі і тымі, хто яшчэ праходзіць па справе. Можна смела сказаць: калі б каронавірусу не было, яго варта было б выдумаць выключна для таго, каб пра Уцюрына et cetera ўсе забыліся. Не тое, каб зусім, але проста ўвагі справе надаецца значна менш, чым яно таго заслугоўвае.

А між тым, там ёсць адзін момант, на які проста нельга не звярнуць увагі. Гэта тлумачэнні, якія дае галоўны (не з пункту гледжання аб’ёмаў атрыманай выгады, а з пункту гледжання ягонага статусу да арышту) абвінавачаны, а таксама ўсе астатнія, адказваючы на пытанні, чаму яны лічылі, што не парушаюць закон, прымаючы шматтысячны хабар.

Новости
«Думал, что это законно». Втюрин рассказал, зачем брал деньги у российских бизнесменов
2020.03.23 18:22

Адзін кажа: Я не хацеў браць крэдыт. Прычым кажа высокапастаўлены у мінулым банкаўскі работнік. Ён не хацеў браць крэдыт – і, атрымліваецца, таму бярэ хабар. Нават патрабуе, каб яму яго далі.

Другога суддзя пытаецца, чаму ён, зразумеўшы, што здзейсніў злачынства, узяўшы грошы, не вярнуў іх таму, хто даў хабар ці не зрабіў адпаведнае прызнанне міліцыі. Аказваецца, ён баяўся, што той, хто даў хабар, яго скампраметуе! Хабар – не скампраметаваў, а вось прызнанне ў хабары альбо вяртанне атрыманых незаконна грошай –скампраметуе!

Ігар Шуневіч і Андрэй Уцюрын на пленуме цэнтральнай рады БФСТ «Дынама», 2015 год. Фота – mvd.gov.by

Ну, нарэшце, вішанька на торце. Гаворка ідзе аб суме, што набліжаецца да дзвюхсот тысяч долараў. Хабарнік, аказваецца, быў упэўнены, што ўсё законна, паколькі разглядаў атрыманыя грошы як… пазыку. Не аформленую – але менавіта пазыку, а не хабар. І суддзя пры гэтым не пытаецца, ці збіраўся ён вяртаць гэтыя грошы, калі, на якіх умовах і з якіх сродкаў. Гэта значыць, у нас не толькі падсудныя, але і суддзі бываюць досыць наіўнымі людзьмі. Ці, калі суддзя адпаведнае пытанне задаў, а прэса пра яго не напісала, то значыць, і журналісты праявілі верх наіўнасці.

Аказваецца, уся сістэма пабудаваная на тым, што яны – сілавікі, банкіры, праваахоўнікі і, нарэшце, мы, журналісты, – наіўныя, як дзеці. Ніхто не разумее, што адбываецца. Усе арыентуюцца не на веданне закону (ну, акрамя суддзяў, зразумела), а на «я так думаю». Ніколі дагэтуль у судах гэта не гучала з такой яўнасцю. Так што меў рацыю быў Андрэй Аляксандравіч Уцюрын, які прасіў перавесці суд у закрыты рэжым: замест судовага працэсу атрымліваецца сеанс масавага стрыптызу. Маўляў, вось мы якія наіўныя і цудоўныя ў галечы сваіх трактовак заканадаўства!

Новости
«Майбахи, гостиницы и все такое». Как Андрей Втюрин сошелся с российскими бизнесменами
2020.03.20 20:05

Але, з іншага боку, чаго мы хочам? З кім павядзешся, з тым і набярэшся, – казала адна з маіх даўніх суседак мужу, які сыходзіў у чарговы загул. Уся ўлада на гэтым будуецца.

Не верыце?

Ва ўсіх навакольных краінах для асоб, якія прыбываюць з-за мяжы, ўводзіцца каранцін. Двухтыднёвы. Для таго каб пераканацца: яны здаровыя і не з’яўляюцца носьбітамі каронавірусу. А значыць, не ўяўляюць небяспекі для навакольных.

Медсястра правярае тэмпературу чалавека на памежным кантрольна-прапускным пункце паміж Беларуссю і Літвой.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Але вось галоўны ньюсмейкер краіны радасна паведамляе: аказваецца, нашы ўсходнія суседзі прыедуць да нас выдаткоўваць грошы! А значыць, каранціну для іх – для тых, хто прыедзе на сваім транспарце, – не трэба!

Але чаму? Бо ёсць рэкамендацыі лекараў! Так робіць увесь свет.

«А я так думаю!»

Верх наіўнасці. Наіўнасць дзіцяці, што атрымала у рукі запалкі і вырашыла, што спакойна можа з імі пагуляць.

Новости
Юбилей Победы отменять не будут. Лукашенко рассказал, как борются с коронавирусом
2020.03.27 12:21

Таму што калі гэта не наіўнасць – усяго толькі на дваццаць шостым годзе кіравання дзяржавай, – то гэта цынізм. Цынічнае грэбаванне правіламі бяспекі і аховы жыцця і здароўя сваіх суграмадзян. І тыпалагічна гэта нічым не адрозніваецца ад прызнанняў падсудных на працэсе па «справе Уцюрына». Проста адзін лічыць, што ён можа атрымаць пазыку ад прыватнай асобы, не афармляючы яе належным чынам і займаючы пры гэтым адну з вышэйшых пасад у іерархіі ўлады. А другі лічыць, што прывезеныя заезджымі капейкі больш значныя, чым пагроза фарсіраванага распаўсюджвання эпідэміі ў краіне. Вось і ўсё.

Наіўныя людзі. Яны сапраўды думаюць, што гэта будзе доўжыцца вечна. Дакладней, адзін думаў –пакуль яму не начапілі кайданкі, а другі працягвае думаць так да гэтага часу.

Ну-ну.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў