Бясплатныя абеды для медыкаў, бясплатная дастаўка. Як каронавірус змяніў менскія кавярні і бары?


Каронавірус у Беларусі працягвае распаўсюджвацца: у сталічных установах заўважна паменшала людзей. Belsat.eu распавядае, што прыдумалі рэстаратары, каб не страціць гасцей, а наш каранцін і аддаленую працу зрабіць смачнейшымі.

Медыкі раяць пазбягаць масавых скапленняў людзей і просяць заставацца дома. Санітарна-эпідэмічныя службы рэкамендавалі спыніць працу кальянных, а ў кавярнях, барах і рэстарацыях павялічыць адлегласць паміж столікамі, усталяваць санітайзеры, інструктаваць персанал.

Большасць установаў уключылі свае меню ў сэрвісы дастаўкі menu.by, Delivio, ENOT delivery, якія цяпер сталі бескантактнымі: кур’ер пакіне ваш заказ ля ўваходу ў памяшканне, аплата – праз інтэрнэт. Аднак некаторыя ўласнікі вырашылі самі вазіць стравы сваім «гасцям» на дом нават па-за МКАД, прычым дастаўку зрабілі бясплатнай. А іншыя пайшлі яшчэ далей: зачыніліся, каб гатаваць хатнія абеды для медыкаў!

Grillman: Мы не маці Тэрэза, а бабуля Аня

Стрытфуд-кавярня «Grillman» на праспекце Машэрава ў Менску зачынілася ў панядзелак 23 сакавіка. Спачатку ўласнік і шэф Юры Агеенка думаў адпусціць свой калектыў на вакацыі, аднак потым вырашыў працягваць працу. Праўда, у нязвыклым фармаце.

З чацвярга яны пачынаюць карміць гарачымі абедамі медперсанал інфекцыйнага шпіталю, бо «лекарам, якія змагаюцца з каронавірусам, цяпер складаней за ўсё», гаворыцца ў Instagram-акаўнце «Grillman».

«Актыўнасць упала на адсоткаў 50-60. У сувязі з тым, што неабходна захаваць здароўе нашых супрацоўнікаў і эканамічная неабходнасць хадзіць на працу сёння невідавочная, мы маглі зачыніцца на 2-3 тыдні, як зрабілі гэта з нашай установай у Францыі і ў Празе, але мы прыдумалі форму, як захаваць калектыў, які мне вельмі дарагі», – адзначае Агеенка ў каментары belsat.eu

Арэнду памяшкання, камуналку і заробкі рэстаратар працягвае плаціць, рэсурсы па прадуктах і ўпакоўцы яшчэ заставаліся. Таму ў «Grillman» будуць гатаваць абсалютна бясплатныя гарачыя абеды і адвозіць іх у гігіенічнай аднаразовай тары на прахадную «інфекцыёнкі».

«У нас не стаіць задача накарміць галодных лекараў, мы проста хочам, каб людзі, якія цяжка працуюць, з’елі нешта смачнае і якаснае. Мы не маці Тэрэза, а такая бабуля Аня. Бо да сваёй яны прыедуць яшчэ не хутка, а яна баршчу ім у шпіталь не прывязе. Дзяржава выдатна забяспечвае медыкаў паводле адпаведных стандартаў, а мы проста хочам, каб гэта было больш смачна і каб яны не бегалі па буфетах у свой кароткі перапынак, а выдыхнулі і паелі паўнавартасна», – кажа рэстаратар.

У інфекцыйным шпіталі працуюць каля 300 чалавек. Пакуль «Grillman» гатуе на заўтра 100 порцыяў, у якія ўваходзіць боршч са смятанай на свіной рабрынцы, грэчка з курынай пячонкай і салат з гародніны.

Калі людзям спадабаецца ежа, кавярня гатовая павялічыць колькасць да 300 порцыяў. Ініцыятыву ўжо падтрымалі партнёры – «Віталюр», «Санта Брэмар», «Інкафуд», марка «Пятруха» (група кампаніяў «Сервалюкс) і іншыя. Прадукты кавярня прымае толькі ў сертыфікаваных пастаўшчыкоў. А грошы на ўпакоўку і сродкі абароны для свайго персаналу збірае на краудфандынгавай платформе molamola.by

Распавесці пра ініцыятыву «Grillman» і сваю дапамогу ім можна ў сацсетках пад хэштэгам #собериссобойкудоктору

Бар «Перасмешнік»: Мыем падлогу кожную гадзіну

Праз каронавірус бар з аўтарскай кухняй «Перасмешнік», што на Нямізе, запусціў бясплатную дастаўку сваіх страў па Менску, распавёў метрдатэль бару Вячаслаў. Паводле яго, зніжэнне колькасці гасцей пачало кідацца ў вочы пасля таго, як лічба хворых на каронавірус у Беларусі пераваліла за 30.

«Мы не панікуем, стараемся трымаць хвост пісталетам і не выходзіць з берагоў. Натуральна, людзі баяцца рызыкі заражэння каронавірусам. Таму мы, кіруючыся прадпісаннем санстанцыі і ўласным жаданнем, паставілі ў наш бар антысептычныя сродкі для ўсіх, а таксама павысілі прыбіральнасць залы. Цяпер падлогу мыюць кожную гадзіну. Таксама ў нас вісяць буклеты з інфармацыяй аб прафілактычных мерах супраць вірусу», – адзначыў метрдатэль.

Што да захадаў, якія дапамагаюць бару ўтрымацца: яны адкрылі ўласную бясплатную службу дастаўкі пры замове на суму ад 30 рублёў.

«Мы возім з 12-й дня да 22-й гадзіны вечара. Дастаўка ў межах Менску, але калі вельмі хочуць замовіць па-за МКАД, мы не можам не пайсці насустрач. Замовы на дастаўку ўжо ёсць, яна актыўна працуе. Меню з фота страў апублікаванае ў сацсетках, можна выбіраць. Возім таксама безалкагольныя напіткі, гарачыя, нават лёд, калі спатрэбіцца», – кажа Вячаслаў.

Бар таксама вырашыў зрабіць крокавую дастаўку па вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, калі людзі працуюць там у офісах і не хочуць выходзіць на вуліцу.

Спрэчныя бонусы

З алкаголем асобная гісторыя: замовіць дастаўку на дом складана, але бары (калі яны не зачыняюцца на каранцін) мусяць нейкім чынам рэалізоўваць свае запасы.

Гэтак, у «Bistro de Luxe», акрамя бясплатнай дастаўкі ежы пры замове на 50 рублёў і зніжцы 20 % на ежу на вынас, знізілі кошт на ігрыстае віно. На мінулым тыдні яны зрабілі зніжку 50 % цягам выходных. Акцыя даволі спрэчная, бо такім чынам можна сабраць шмат людзей у адным месцы, а рабіць гэта медыкі не рэкамендуюць.

Бар «Сіняя каза» тым часам прапануе забраць з сабой глінтвейн.

Адпавядае рэжыму каранціну прапанова бару «Алкаголі» – там можна замовіць кактэйлі на вынас. А бар «Ў» змяніў графік працы: цяпер ён будзе зачынены з панядзелка па сераду.

Заўвага: «Белсат» не прапагандуе ўжыванне алкаголю.

KA belsat.eu

 

 

Стужка навінаў