Бясплатная ежа і грошы на бяспеку. Бізнес ахвяруе медыкам падчас эпідэміі


Пандэмія COVID-19 выявіла крызіс даверу з аднаго боку, і паказала стыхійную салідарнасць – з іншага. Медыкам, якія цяпер на перадавой, і пацыентам, якія трапілі ў пастку каронавіруса – дапамагае ўся краіна. Кожны асобна і кампаніі – разам.

Фота: «Менскхлебпрам»

Печыва на перакус

Хуткія вугляводы на хуткую дапамогу ці 10 кілаграмаў печыва ад Менскага хлебазаводу №10 атрымалі ў панядзелак супрацоўнікі Гарадскога клінічнага інфекцыйнага шпіталю.

«Праз эпідэмію каронавірусу медперсанал вельмі шмат працуе. У іх няма магчымасці выходзіць у крамы, купляць нешта, нават каб проста перакусіць. Таму мы вырашылі перадаць ім печыва для перапынкаў на гарбату. Няхай гэта і не дапаможа ў барацьбе з каронавірусам, але падтрымае нашых медыкаў», – паведаміла Belsat.eu спецыялістка па маркетынгу хлебазаводу №10 Анастасія Лукша.

Прадстаўнікі хлебазаводу спадзяюцца, што гуманітарная акцыя ператворыцца ў сапраўдны флэш-моб і добры прыклад натхніць і іншыя харчовыя прадпрыемствы.

Бясплатныя абеды для дактароў

Выспацца не дапаможаш, але хто ў сілах – можа «падкарміць» медыкаў. З мінулага тыдня сталічная рэстарацыя Grillman працуе ў новым фармаце. Яны закрыліся для наведнікаў, але на кухні ўсё кіпіць і смажыцца. Бясплатныя абеды завозяць медперсаналу Гарадскога клінічнага інфекцыйнага шпіталя.

Фота Grillman з сацыяльнай сеткі

 

У Grillman Belsat.eu распавялі, што натхніліся яны прыкладам італійскіх рэстарацыяў, якія актыўна дапамагаюць медыкам у надзвычай складаны час.

«Падрыхтоўка заняла два дні. Мы падлічылі, што маем запас прадуктаў на тыдзень, дамовіліся са шпіталем і пачалі працу», – распавядае кіраўнік справамі рэстарацыі Мікіта Бажко.

Напачатку яны дастаўлялі 50 порцыяў, цяпер 250. Бо да ініцыятывы далучыліся іншыя кампаніі. Напрыклад, прадуктамі Grillman дапамагае гандлёвая сетка «Віталюр». Збіраць ссабойкі доктару запланавалі прынамсі месяц. Але гэты тэрмін можа падоўжыцца на «колькі спатрэбіцца». Пра далучэнне да акцыі перамовы ідуць таксама з сеткаю фаст-фуду KFC.

Працаваць у такім рэжыме рэстарацыя плануе «столькі, колькі спатрэбіцца». Прынамсі, пакуль што разлічваюць мінімум на месяц. «Усе заробкі мы захавалі, анікога не звольнілі, усе пры справе», – кажа Мікіта Бажко.

Дапамога ад IT

Фота GanttPro з сацыяльнай сеткі

Наймацнейшыя ў экспарце паслуг – беларускія IT-кампаніі не засталіся ўбаку. Частка – перавялі грошы, а некаторыя дазволілі медычным установам бясплатна карыстацца сваімі прадуктамі. Да прыкладу, IT-кампанія GanttPro, якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне для кіравання праектамі, дала бясплатны доступ да свайго софту ўстановам аховы здароўя. Гаворка пра найважнейшае – планаванне.

«Мы сочым за падзеямі ў свеце, таму сабраліся камандаю і падумалі, як мы можам быць карыснымі. Наш прадукт прыстасаваны для працы на адлегласці, планавання задачаў і працэсаў, кіравання коштамі, мае шмат іншых функцыяў. GanttPRO можа дапамагчы медыкам і іншым арганізацыям, звязаным з аховай здароўя, планаваць сваю працу», – распавядае маркетолаг кампаніі Вікторыя Жлобіч.

Іншыя кампаніі падтрымалі медыкаў грашыма. Напрыклад, аператар А1 пералічыў інфекцыйнаму шпіталю Br 50 тыс.

«Грошы пайшлі на закуп неабходнага абсталявання: апаратуры для штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ), ПЛР-дыягностыкі, тэст-сістэмаў для дыягназавання каронавіруса, ахоўнага адзення для медперсаналу, медычных прэпаратаў. Згодна з дамоваю, медычная ўстанова выкарыстоўвае гэтыя сродкі для арганізацыі неабходнай дапамогі хворым на COVID-19», – паведамілі Belsat.eu у прэсавай службе А1.

Некаторыя IT-кампаніі перавялі грошы на дабрачынныя рахункі Мінздароўя ці Чырвонага крыжа. Гэта зрабілі Currency.com, Melsoft, Easybrain, Vizor Games, Flo Health і SoftTeco.

Вытворца вопраткі кампанія Mark Formelle пералічыў інфекцыйнаму шпіталю Br 20 тыс. на закуп экспрэс-тэстаў дзеля выяўлення патагену. Таксама кампанія запусціла флэш-моб #разам_ад_заразы. Гэта своеасаблівы «brainstorm» – беларусаў запрашаюць пакідаць уласныя прапановы, што да змагання з каронавірусам.

Куды ахвяраваць капейчыну

Дабрачынны рахунак адкрыла дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медычнага рэагавання». Адсюль сродкі маюць размяркоўвацца ў адпаведнасці з патрэбамі канкрэтных установаў пасля ўзгаднення з Мінздароўя.

Рахунак у BR : BY29AKBB36429000000800000000 ў ААТ «АСБ Беларусбанк» БІК: AKBBBY2X УНП: 190263723

Рахунак у € : BY93AKBB36429000003150000000 ў ААТ «АСБ Беларусбанк» БІК: AKBBBY2X УНП: 190263723

Цэнтралізаваны збор на закуп сродкаў аховы для 15 тыс. сацыяльных працаўнікоў тэрытарыяльных цэнтраў, медсясцёр Чырвонага крыжа і валанцёраў працягваецца на платформе «Імёны».

Чаму лепш дапамагаць, чым сумнявацца

Бо заўтра на бальнічным ложку можа апынуцца кожны з нас ці з нашых блізкіх. Важна не заразіць медперсанал ці не заразіцца ад персаналу, калі той слаба абаронены. Бо цяпер няма аніводнай краіны, якая мае дастаткова медыкаў і палатаў дзеля абслугоўвання гэтай нетыповай сітуацыі. І Беларусь – не выключэнне. У шпіталях, лабараторыях і службах «Хуткай дапамогі» падтрыманне патрэбнае тым, хто спыняе распаўсюд COVID-19 сярод нас і ратуе чалавечыя жыцці. Яны працуюць па 16 гадзінаў і рызыкуюць сваім здароўем. Нашае падтрыманне – гэта яшчэ і жэст салідарнасці. Можна не давяраць дабрачынным акцыям, але гэта дапаможа менш, чымся давер. Дадатковае абсталяванне, лекі і ахоўнае адзенне набываюць сёння і за дзяржаўныя грошы, і з ахвяраванняў.

Ксенія Тарасевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў