Дзярждэп распавёў турыстам, чаго асцерагацца ў Беларусі


Рэспубліка Беларусь належыць да краін вышэйшай катэгорыі бяспекі для амерыканскіх турыстаў па класіфікацыі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Галоўнае трымацца далей ад дэманстрацыяў, нават самых мірных – бо санкцыі за парушэнне правоў чалавека з афіцыйнага Менску амерыканцы яшчэ не знялі.

Беларусь – не Расея

«Прымайце звычайныя захады бяспекі», – гаворыцца на старонцы Беларусі для амерыканскіх турыстаў, якую вядзе вонкавапалітычнае ведамства Злучаных Штатаў. Гэта найлепшая катэгорыя – да яе з нашых суседзяў належаць і Польшча, і Літва з Латвіяй.

Да другой катэгорыі «павялічаныя захады бяспекі» належыць, напрыклад, Украіна з прычыны вялікага ўзроўню крыміналу і нестабільнасці ў грамадстве. Да трэцяй «Падумайце яшчэ раз, можа не варта ехаць» належыць Расея з-за небяспекі тэрарызму і дрэннага стаўлення да замежнікаў.

Да чацвертай «Не едзьце», адносяцца такія краіны як Ірак, дзе заканчваецца грамадзянская вайна і знішчэнне так званай «Ісламскай дзяржавы», і Сірыя, дзе краіна фактычна развалілася на часткі, а канца грамадзянскай вайне не бачна.

Небяспека падчас дэманстрацыяў – ад міліцыянераў

У прынцыпе, як лічаць у ЗША, пагроза тэрарызму ў Беларусі прБеыкладна такая ж, як і ва ў усіх астатніх краінах Еўропы. Аднак што яскрава адрознівае Беларусь – амерыканцам рэкамендуецца пазбягаць месцаў любых дэманстрацыяў і грамадскіх збораў.

Менск. 25 сакавіка 2017 года. Крыніца wikipedia.org.

Пры тым, што акцыі пратэсту адбываюцца нячаста і пераважна толькі ў вялікіх гарадах, такіх як Менск, «улады выкарыстоўвалі сілу для разгону дэманстрантаў, у тым ліку мірных», адзначае Дзярждэп. «Тыя, хто стаіць побач, у тым ліку замежныя грамадзяне, могуць быць затрыманыя ці арыштаваныя», – папярэджвае ўстанова сваіх суграмадзянаў.

Праблемы з уладамі могуць быць выкліканыя і фотаздымкамі вайсковых аб’ектаў ці абʼектаў, якія маюць нейкае значэнне для бяспекі, але якія не заўсёды выразна пазначаныя.

Пашпарты, грошы і Чарнобыль

Замежніку ў Беларусі варта заўсёды насіць свой пашпарт пры сябе, паведамляе Дзярждэп, бо міліцыянер можа спыніць і затрымаць да высвятлення асобы. Таксама пасля прыбыцця ў краіну мяняйце, паважаныя амерыканцы, грошы толькі ў афіцыйных абменніках, бо валютныя аперацыі без спецыяльнай ліцэнзіі – крымінальнае злачынства.

Беларускае Палессе. Фота brest.greenbelarus.info

Адзначаецца, што Чарнобыльская атамная катастрофа ў 1986 годзе закранула Беларусь, і шэраг раёнаў краіны былі моцна забруджаныя. Аднак зараз «некалькі год назіранняў паказалі, што ўзроўні радыяцыі ў Менску не перавышаюць міжнародна прызнаных узроўняў, а перыядычнае тэставанне прадуктаў з розных раёнаў Беларусі не паказала шкодных узроўняў радыяцыі».

Беларуская злачыннасць – нічога асаблівага

Беларусь мае нізкі ўзровень крымінальнай злачыннасці, цяжкія злачынствы супраць замежнікаў здараюцца рэдка. Рабункі ці кішэнныя крадзяжы адбываюцца часцей за ўсё каля асноўных транспартных шляхоў, гатэляў ці ноччу ў дрэнна асветленых месцах.

У начным клубе замежніку могуць падліць нешта, каб потым абрабаваць, а ў гатэлях у нумар можа паспрабаваць зайсці прастытутка – гэта хіба што самае жахлівае, што з грамадзянінам ЗША можа здарыцца ў нашай краіне па версіі Дзяржаўнага дэпартамента.

Вечарына ў менскім начным клубе. Крыніца russianpt.ru.

З іншага боку, лічаць амерыканскія дыпламаты, амаль усе казіно і «клубы для дарослых» у Беларусі знаходзяцца пад кантролем крымінальных элементаў.

А вось машыне замежніка жыць у Беларусі можа быць цяжкавата: «Шырока распаўсюджаны вандалізм і крадзеж аўтамабільных камплектуючых. Больш за ўсе папулярныя ў крымінальнікаў пазадарожнікі і дарагія аўто. Вельмі рэкамендуем паркавацца нанач у бяспечным месцы».

Салодкі забаронены пірацкі плод

Як і ў большасці краін Усходняй Еўропы, падробкі тавараў ці пірацкія копіі музыкі і фільмаў у Беларусі можна сустрэць на кожным кроку, хоць прадаваць іх можа быць забаронена беларускім заканадаўствам. Аднак значна горш амерыканцу можа быць у ЗША, калі ён вернецца дамоў, напрыклад, з пірацкай копіяй Windows, піша сайт Дзярждэпа.

Аднак, калі верыць гэтаму ж сайту, асабліва небяспечным у нас зʼяўляюцца інтэрнет-махлярства, у тым ліку «анлайн-нявесты», якія завабліваюць амерыканскіх жаніхоў праз сеціва, разводзяць іх на перасылку грошаў, а потым знікаюць без следу.

Беларуская кібер-злачыннасць атрымала ў вонкавапалітычным ведамстве ЗША ўвогуле высокую адзнаку «добра развітай». Пераважна гэта датычыцца выкарыстання скрадзеных ці падробленых крэдытных картак, крадзяжу асабістай інфармацыі, хакінгу ці анлайн-шантажу.

Медыцына – так сабе?

Беларускую медыцыну Дзярждэп раскрытыкаваў як «несучасную», ніжэй за заходнія і амерыканскія стандарты. Адзначаецца недахоп нават асноўных медыкаментаў і расходных матэрыялаў, больш нізкая кампетэнтнасць дактароў.

Часам хуткай дапамогі прыходзіцца чакаць па 30 хвілін, папярэджваюць амерыканцаў. А верталётаў хуткай дапамогі ўвогуле няма – гэта відаць, будзе цікава тым, хто збіраецца ў беларускі лес на вандроўку ці паляванне. Праблемы могуць быць і ў інвалідаў – многія будынкі і абʼекты транспартнай інфраструктуры не маюць спецыяльных прыладаў для іх.

Асобы з нетрадыцыйнымі сексуальнымі схільнасцямі могуць сустрэцца з «распаўсюджанай дыскрымінацыяй».

Часам пʼем, але транспарт – на вышыні

У цэлым у Беларусі дарогі ў добрым стане, піша Дзяржаўны дэпартамент, аднак сучасныя аўтамабілі могуць рухацца па адным шасэ з трактарамі, канямі, якія вязуць драбіны, і пешаходамі.

Беларуская дарога. Крыніца www.votpusk.ru

Часам беларусы і выпіваюць за рулём, хоць за гэта часта караюць. Аднак затое менскае метро кампенсуе ўсе недахопы – гэта «чыстае, бяспечная і эфектыўная сістэма», якая цудоўна давязе вас з цэнтру гораду на ўскраіну.

Можа быць не вельмі добра асветленую, але даволі бяспечную ўскраіну. Пакуль там міліцыянеры не разганяюць дэманстрантаў.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў