Бялыніцкія ўлады заганяюць мясцовых працаўнікоў у басейн


Бюджэтнікаў з Бялыніцкага раёну прымушаюць набываць абанементы на наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплекса.

Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», аддзел адукацыі, спорту і турызму Бялыніцкага райвыканкаму выдаў негалоснае даручэнне па колькасці абанементаў, якія трэба «добраахвотна-прымусова» распаўсюдзіць.

Абанементы, напрыклад, сярод сваіх супрацоўнікаў распаўсюджваюць школы і дзіцячыя садкі, прычым не толькі ў самім райцэнтры, але і ў Бялыніцкім раёне.

У прыватных гутарках працаўнікі выказваюць незадаволеныя «прымушалаўкай»: хаця абанементы і недарагія, але і заробкі бюджэтнікаў невялікія. Да таго ж яшчэ і прымушаюць выпісваць дзяржаўныя газеты і ўдзельнічаць у суботніках.

Не кожны, хто набыў абанемент, мае магчымасць наведваць басейн, таму часта такія абанементы перадаюць сваякам ці сябрам.

Фізкультурна-аздараўляльны комплекс (ФАК) «Друць» быў пабудаваны ў Бялынічах у 2008-м годзе. Гэты праект быў рэалізаваны дзякуючы падтрымцы тагачаснага дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Бялыніцкага раёну Уладзіміра Канаплёва. З напаўняльнасцю абʼекту амаль адразу ўзніклі праблемы. Утрымліваць ФАК для Бялыніцкага раёну, у якім жывуць каля 20 тыс.асобаў, аказалася цяжкай задачай.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў