«Бургер Кінг» аштрафавалі за рэкламу «раздаст по Е-баллам за кофе»


Упраўленне Федэральнай антыманапольнай службы (УФАС) Чэлябінскай вобласці вынесла пастанову аб накладанні штрафу ў памеры 105 000 расейскіх рублёў (каля $ 1615) у дачыненні да ТАА «Бургер Рус» за рэкламу «Коля из Бургер Кинга раздаст по Е-баллам за кофе», паведамляе сайт ведамства.

У лістападзе 2018 года жыхар Чэлябінску атрымаў на сваю пошту рэкламу ад «Колі з Бургер Кінга». Чэлябінец паскардзіўся ў антыманапольную службу, бо на ягоную думку, у рэкламе фаст-фуду была ненарматыўная лексіка.

Скрыншот карыстальніка pikabu.ru @Markushonok

«Бургер Кінг» патлумачыў, што ў лісце ішла гаворка пра налічэнне Electronic-балаў (электронных балаў) за набыццё кавы. Кампанія сцвярджае, што ліст, які атрымаў чэлябінец, не з’яўляецца рэкламаю, бо лісты накіравалі шляхам выбарачнай рассылкі карыстальнікам мабільнага прыкладання і картаў лаяльнасці «Бургер Кінга», а не нявызначанаму колу асобаў.

УФАС палічыў, што чэлябінец атрымаў рэкламу і яе мэта – прасоўванне тавару на рынку. Таксама ведамства сцвярджае, што выкарыстанне ў рэкламе літары «Е» у сукупнасці са словам «балы» у давальным склоне можа ствараць у спажыўцоў асацыяцыі з ненарматыўнай лексікай.

Паводле УФАС рэклама «Бургер Кінга» парушыла патрабаванні часткі 6 артыкула 5 расейскага «Закону аб рэкламе», якая забараняе выкарыстанне непрыстойных выразаў.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў