Бульбастрэл, бульба-аракул і аграгламур: пад Горадня прайшоў фэст «КартоFUN»


Пад Горадняй, на базе адпачынку «Прывал», прайшоў першы нацыянальны бульбяны фэст, арганізаваны гарадскім цэнтрам культуры.

Ідэя фэсту, які прайшоў у суботу на беразе Нёмну, сапраўды арыгінальная: зладзіць гастра-фестываль, але не замахвацца на ўсю беларускую кухню агулам, аднак сканцэнтравацца на бульбе ва ўсіх яе варыяцыях. Ад банальных дранікаў да «бульбяных рагалікаў з мармеладам», што само па сабе нагадвае гард-корнае сала ў шакаладзе, якое прапаноўваюць турыстам ва Украіне.

Пачаўся фэст з завадной песні накшталт «бульбянога гімну» у выкананні бялявага хлопчыка з малодшых класаў школы: «Бульба – гэта супер-клас, абароніць бульба нас!»

Далей музычнае суправаджэнне забяспечваў народны ансамбль «Гарадніца», саліст якога паміж песнямі адпускаў прыказкі, кшталту: «З бульбай у руцэ, з півам на шчацэ».

Фэст сапраўды не быў пазбаўлены «цікавых вычварэнняў»: тут вам і анімаванае прадстаўленне пра Калумба, які цаніў бульбу больш за золата, і булбастрэл, з якога мог стрэліць кожны ахвочы, і бульбяны аракул, і бульбяныя пячаткі. Бульба паўсюдна!

Разам з тым, цяжка было пазбавіцца ўражання «аграгламуру» альбо пазапланавых дажынак. Гэта і прымусова сагнаныя гандляркі ў намётах ад сваіх гандлёвых сетак, што гандлююць чабурэкамі і гарэлкай, і нязменныя вялікія лялькі ў аля-вышываных строях з вачыма-гузікамі, і штучныя кветкі на сталах, засланых штучнымі абрусамі.

На фэсце было здаецца ўсё, ад стральбы з лука да фаер-шоу, не было толькі аўтэнтыкі. Магчыма, моладзь неяк гэта адчула, таму і праігнаравала фестываль: сярэдні ўзрост наведнікаў вагаўся паміж 40 і 50 гадамі. Цікава, што акторы і вядоўцы былі значна маладзейшыя за публіку, а не наадварот.

Магчыма, гэта занадта крытычны погляд, і чыноўнікам з абодвух гарадзенскіх выканкамаў, якіх тут было поўна, усё спадабалася. Магчыма, спадабалася і госцю з Кітая, які разам з афіцыйнай дэлегацыяй прыбыў у горад, а на фэсце фатаграфаваў усё да драбніцаў. Магчыма, спадабалася нават жанчынам у намётах, якія штогод на розныя святы апранаюць тыя самыя строі.

А магчыма, усё варта было зрабіць значна прасцей: не саджаць людзей за пластыкавыя сталы з чабурэкамі і «Хлебным віном», але адчыніць браму да нёманскага берагу (якая была зачыненая!) і даць самім раскласці вогнішчы, пусціць дым над вадой, заспяваць свае любімыя песні ды спячы бульбу ў гарачым вуголлі.

Глядзіце таксама:

АК, belsat.eu

Стужка навінаў