Бульба – галоўны сімвал Беларусі


Адкуль у нас з’явілася слова «бульба» і як называюць па-беларуску ўлюбёныя бульбяныя стравы? Распавядзе Алеся Літвіноўская, сувядоўца праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».

Не толькі зубры, валошкі, бярозкі, лясы і буслы ёсць шмат для каго сімвалам Беларусі, але часам і бульба. Кажуць, кожны беларус ведае больш за 20 рэцэптаў страваў з бульбы і гатуе іх часцей за ўсіх іншых жыхароў планеты.

Цяжка прызнацца, але слова «бульба» – не нашае спрадвечнае, а запазычанае. І прыйшло ў мову не вельмі даўно, як і гэты амерыканскі карняплод, – або з лацінскай, або з нямецкай мовы, дзе азначае «клубень». У нашай мове слова хутка абрасло вытворнымі: бульбоўнік – лісце і сцябло бульбы, бульбянік – аладка з дранай бульбы, бульбянішча – месца, на якім расла бульба.

Беларускім гаворкам знаёмыя таксама словы «картопля», «картоплі» і «картофля», што, як сцвярджаюць слоўнікі, прыйшлі да нас праз польскую з італьянскай (не з расейскай, дарэчы).

Сярод улюбёных страваў беларусаў – тоўчаная бульба (тое, што сёння часта на французскі лад называем пюрэ). Дарэчы, у народзе тоўчаную бульбу таксама называюць камы́ і бульбяная каша. Ну і, натуральна, дранікі, ці дзеруны або драчонікі (ад слова драць, што значыць церці на тарцы), то бок аладкі з цёртай бульбы. Існавалі яшчэ гэтак званыя дранікі з душамі, або з мясам (іншая назва – калдуны). Бабуля Алесі Літвіноўскай часта гатавала таксама бульбяную запяканку, якую называла драчонаю ці бабкаю. Бульбяная кішка – кілбаса з цёртай бульбы і свініны ці сала. Ну і, вядома, бульбу мы таксама смажым, запякаем і варым у мунду́рах ці ў мундзірах – то бок у шалупінні. Таму бульбу сапраўды можна назваць адным з сімвалаў Беларусі!

Граматычную частку праграмы «Мова нанова» глядзіце ў відэа вышэй (ад 11:43).

Стужка навінаў