«Будзем размаўляць з Беларуссю пра эмбарга». Пашыньян выказаўся пра пастаўкі зброі Баку


Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян лічыць высокай верагоднасць вайны з Азербайджанам.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы»:

«Цяпер у нашым рэгіёне вельмі напружаная сітуацыя. Я маю на ўвазе палітыку Азербайджану. І ёсць вельмі вялікая верагоднасць вайны. І я сказаў, што мы мусім быць гатовыя да вайны».

У той жа час прэм’ер-міністр Арменіі мяркуе, што ў Расеі ёсць усе рычагі і магчымасці, каб не дапусціць вайну. Пашыньян адзначыў, што на сустрэчы з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным ён гаварыў пра продаж Масквой узбраенняў Азербайджану:

«Эмбарга на зброю – гэта іншая размова, і гэтую размову мы будзем працягваць не толькі з Расеяй, але і з Беларуссю, з нашымі іншымі партнёрамі па АДКБ. Таму што мы з’яўляемся членамі агульнай Арганізацыі бяспекі».

Да таго ж Нікол Пашыньян пацвердзіў, што адправіў свайго сына служыць у войску Карабаху:

«Гэта міралюбівы жэст, таму што, я думаю, усе мы разумеем, што калі я адпраўляю свайго сына ў Карабах, я не хачу, каб там пачалася вайна. І барані бог, каб мой сын і сыны іншых маіх суайчыннікаў, і сыны Азербайджану, сыны азербайджанскіх звычайных грамадзянаў загінулі. Гэта не лагічна. Для мяне, вядома, гэта праблема: я не хачу, каб гэта здарылася. Я быў бы рады, калі б прэзідэнт Ільхам Аліеў адправіў свайго сына таксама там служыць. Мы былі б упэўненыя, што спадар Аліеў таксама не захоча, каб яго сын загінуў».

НМ, belsat.eu, фотаздымак Tatyana Zenkovich/Pool via REUTERS/ Forum

Стужка навінаў