«Будзем мы капустку варыць, будзем мы Цярэшку жаніць». На Глыбоччыне зладзілі «Жаніцьбу Цярэшкі»


Зарганізавалі гульню сябры глыбоцкай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, а адбыўся ён у вёсцы Валодзькава на аграсядзібе «Родны кут».

У жартаўлівай гульні «Жаніцьба Цярэшкі», якую звычайна ладзілі на беларускай зямлі, на Глыбоччыну прыехалі прыняць удзел і госці з Лепеля. Бо менавіта на Лепельшчыне гэтая народная традыцыя не перарвалася і дайшла да нашых дзён.

Падчас «Цярэшкі» ўсе танчаць «Лявоніху», «Кракавяк», «Падэспань», «Ойру»

– Калі я быў юнаком, то думаў, што нашай беларускай культуры як такой не існуе. Мне здавалася, што народная культура – гэта калі людзі селі за стол, выпілі па чарцы, павесяліліся і ўсё. На самой жа справе гэта такі глыбокі пласт. Вось гэтая гульня «Жаніцьба Цярэшкі» існавала больш як тысячу год. І ўсе гэтыя танцы, спевы дайшлі да нас, – кажа адзін з адраджэнцаў гульні Васіль Шкіндзер.

Спачатку «бабулі» ловяць «дзядулек»

«Жаніцьба Цярэшкі» – гэта гульня для нежанатай моладзі, якая праводзілася зімой падчас калядных і навагодніх святаў. І лічылася яна своеасаблівай рэпетыцыяй сапраўднага вяселля. Часта пары, якія складаліся падчас гульні, пасля сапраўды ўступалі ў шлюб.

Калі пары канчаюцца, усё паўтараецца – толькі ўжо «дзядулі» ловяць «бабулек»

Як усё адбываецца. Спачатку абіраюць «бацьку» і «маці», якія арганізоўваюць «вяселле». Яны ходзяць па хаце і абіраюць пары. Пры гэтым – спяваюць:

Будзем мы капустку варыць,

Будзем мы Цярэшку жаніць.

Цярэшка валочыцца,

Бо жаніцца хочацца.

Ён туды-сюды зірне,

Дзе сваю мілую знайдзе?

Каб была прыгожая,

Хоць куды, ды гожая.

Будзем мы піва варыць,

Будзем мы сыноў жаніць.

Будзем мы гарэлачку гнаць,

Будзем мы дачок аддаваць.

Сімвал гульні – драўляны «Цярэшка»

Падчас гульні кожная пара, якую злучылі «бацька» і «маці», падыходзіць да іх і просіць добраславення. Пасля гэтага пачынаюцца гульні і танцы, якія носяць эратычны характар. На стале ляжыць хлеб, гарыць свечка і стаіць драўляная фігурка «Цярэшкі» – сімвал гульні.

На стале ляжыць хлеб, гарыць свечка і стаіць драўляная фігурка «Цярэшкі» – сімвал гульні

– Мы ўспрымаем гэта як нашу сапраўдную беларускую культуру, якая тут нарадзілася і жыла толькі тут. Яно не чужое, не прышлае, а натуральнае, нашае беларускае, – адзначае Васіль Шкіндзер.

Падчас «Цярэшкі» ўсе танчаць «Лявоніху», «Кракавяк», «Падэспань», «Ойру». Пары павінны прайсці некалькі гульняў-выпрабаванняў. Адна з іх – «Вішанька».

Дзяўчына становіцца на лаўку, а хлопец, абапіраючыся на рукі сяброў, дацягваецца, каб яе пацалаваць

Дзяўчына становіцца на лаўку, а хлопец, абапіраючыся на рукі сяброў, дацягваецца, каб яе пацалаваць. Астатнія ў гэты час дапамагаюць ім воклічамі і воплескамі.

Дзяўчына становіцца на лаўку, а хлопец, абапіраючыся на рукі сяброў, дацягваецца, каб яе пацалаваць

Яшчэ адна гульня – «Ручаёк». Удзельнікі становяцца парамі і звяртаюцца адзін да аднаго «бабулечка» і «дзядулечка». «Бабулечка» пачынае:

Каб цябе каршун парваў,

Як ты мой фартух парваў.

Каб цябе певень забіў,

Як ты мяне палюбіў.

Ах ты мой дзядулечка,

Я ж твая бабулечка,

Я ж цябе лавіць буду,

А тады любіць буду.

Гульня «Жаніцьба Цярэшкі» існуе больш як тысячу год

І пачынае даганяць «дзядулю». Той уцякае, але робіцца гэта жартаўліва, каб даць магчымасць дагнаць партнёра і пацалаваць. Пацалаваўшыся, пара праходзіць праз «ручаёк» і становіцца ззаду. А гульню працягвае наступная пара. Калі пары канчаюцца, усё паўтараецца – толькі ўжо «дзядулі» ловяць «бабулек».

Падчас «Цярэшкі» ўсе танчаць «Лявоніху», «Кракавяк», «Падэспань», «Ойру»

Словы гэтых прыпевак лепяльчане збіралі, апытваючы старых людзей, што памяталі «Цярэшку». Наагул тут шмат гульняў звязана з пацалункамі, што вельмі падабалася моладзі. Пасля гульняў нашыя продкі звычайна ладзілі своеасаблівае вясельнае застолле. Што не стала выключэннем і цяпер.

Падчас «Цярэшкі» ўсе танчаць «Лявоніху», «Кракавяк», «Падэспань», «Ойру»

Зміцер Лупач, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў