Будучыня Беларусі – моладзь. Гісторыі трох юнакоў, якія хочуць перамен


2020 год увайшоў у гісторыю як пачатак беспрэцэдэнтнага для незалежнай Беларусі супраціву. За права на выбар, свабоду і развіццё краіны без Аляксандра Лукашэнкі змагаюцца і юнакі, і старэйшыя. Аднак найбольш на маршах пратэсту – моладзі. «Белсат» сустрэўся з маладзёнамі, якія за вольную Беларусь змагаюцца з падлеткавага ўзросту.

Ларывон Трусаў: Бог, Радзіма, Воля

Ларывон Трусаў з журналістам Змітром Лупачам. Фота прадастаўленае суразмоўцам

Ларывону Трусаву было 15 гадоў, калі ён далучыўся да «Маладога Фронту». Ён самы малады палітычны актывіст у Беларусі і самы малады абаронца Курапатаў, дзе ў 1930-1941 гадах НКУСаўцы расстралялі сотні тысяч мірных жыхароў розных нацыянальнасцяў. У зоне расстрэлаў і пахаванняў, на людскіх касцях, пабудавалі рэстарацыю «Поедем, поедим».

Скандальная рэстарацыя «Поедем, поедим» ля Курапацкага лесу. Фота з галерэі рэстарацыі

Прадстаўнікі грамадскасці, палітычных партыяў і актывісты ўжо больш за два гады спрабуюць дамагчыся, каб збудаваную на касцях рэстарацыю закрылі. Яны штодня дзяжураць ля рэстарацыі і раздаюць наведнікам улёткі з інфармацыяй пра яе.

Ларывон, калі даведаўся пра гэта, далучыўся да актывістаў БХД. Пасля заняткаў у ліцэі ён часта прыходзіць туды дзяжурыць. Юнак перакананы, што трэба абараніць памяць пра нявінна забітых людзей, распавесці іншым аб гэтай трагедыі.

Ларывон Трусаў у Курапатах з вартаю БХД. Фота прадастаўленае суразмоўцам

Гэтай інфармацыяй ён дзеліцца са сваімі аднагодкамі. Большасць яго падтрымліваюць словамі, ёсць і тыя, якія з ім часам ходзяць у Курапаты. Але не ўсе разумеюць яго, не ўсе ўхваляюць яго ўчынкі, некаторыя лічаць, што ён занадта малады і яму лепш спачатку «падрасці».

На Ларывона пачалі ціснуць у школе праз выкладчыкаў, падключылі да гэтага сацыяльныя службы, падбухторылі супраць яго бацькоў. Ларывон кажа, што ён не можа інакш – лічыць, што трэба абараніць памяць пра людзей і не дапусціць паўтарэння страшнай гісторыі.

«Я мару жыць у вольнай хрысціянскай Беларусі, дзе няма ніякага прыгнёту людзей і няма дыктатуры», – кажа Ларывон.

Зараз ён вучыцца ў ліцэі з будаўнічым ухілам. У будучыні хацеў бы звязаць сваю прафесію з гісторыяй і археалогіяй.

У выбарчы і паслявыбарчы час – актыўны ўдзельнік акцыяў супраць дзейнай улады, удзельнічаў у жывым ланцугу «Курапаты–Акрэсціна».

Гісторыю Ларывона «Белсат» запісаў сёлета вясною ў відэафармаце:

Андрэй Філатаў: Музыка можа ўсталяваць мір на свеце

Андрэй Філатаў (у сярэдзіне) са сваімі сябрамі з гурта. Фота прадастаўленае суразмоўцам

Андрэй Філатаў, выпускнік СШ №122 г. Менску, студэнт, які вывучае ангельскую мову. У Беларусі ён жыве шэсць гадоў. Ягоная сям’я – уцекачы з Украіны, дзе ў 2014 годзе пачаліся ваенныя дзеянні. Да ўмяшання Расеі ва ўнутраныя справы Украіны ў сям’і Андрэя было спакойнае ўладкаванае жыццё: маці Андрэя была аўтарытэтным кардыёлагам, бацька – прафесіянал у галіне сталярнага майстэрства. У Беларусі бацькі вымушаныя былі пагадзіцца на працу з невысокім заробкам.

«Нягледзячы на тое, што я перажыў жахі вайны, не жыву ўспамінамі пра гукі снарадаў і стральбы, пра загінулых у нашай мясцовасці. Для сваіх знаёмых я стаў пазітыўным прыкладам, імкнуся прыносіць людзям радасць».

Андрэй Філатаў са сваімі сябрамі з гурта. Фота прадастаўленае суразмоўцам

Вельмі любіць музыку, мяркуе, што праз яе можна станоўча ўплываць на жыццё іншых людзей. Таму ў старэйшых класах ён з аднакласнікамі стварыў самадзейны вакальны гурт.

Сябры развучваюць песні, праводзяць час разам у падрыхтоўцы канцэртаў. Першыя іх выступы прызначаліся для бацькоў навучэнцаў школы. На рэпетыцыі збіраюцца і зараз, рыхтуюцца да канцэртаў і жадаюць выступаць у дзіцячых дамах, у дамах для састарэлых людзей.

Падрабязней у гэтым відэа:

Мікалай Жэшка: Лепш рабіць неідэальна, чым ідэальна не рабіць

Мікалай Жэшка (на першым плане) падчас заняткаў з падлеткамі. Фота прадастаўленае суразмоўцам

«Калі нам сёння ўдасца дапамагчы падлеткам, то вельмі хутка гэта будуць дарослыя людзі, якія стануць асноўнаю рухаючай сілай нашай краіны і змогуць палепшыць жыццё іншых да лепшага», – лічыць маладзён.

Мікалаю Жэшку 22 гады. Ён валанцёр у праекце для падлеткаў 13-16 гадоў. Дапамагае юнакам знайсці сваё месца ў жыцці. Зразумець і адказаць на пытанні: Хто я? Для чаго я жыву? Якія мае мэты і які патэнцыял?

Задача Мікалая – натхніць падлеткаў, дапамагчы адказаць на іхныя пытанні, знайсці і развіць таленты. Ён сам з 16 гадоў браў удзел у такіх лагерах. За гэты час убачыў, што некаторыя падлеткі не могуць знайсці сябе, не ўмеюць марыць ды пераўтвараць мары ў жыццёвыя мэты. Мікалай кажа, што пасля супольнай працы хлопцы і дзяўчаты пачынаюць дзяліцца са сваімі знаёмымі, якія мэты яны паставілі і чаго ўжо дасягнулі. Бачаць станоўчыя зрухі.

Мікалаю вельмі падабаецца прысвячаць час падлеткам, дзецям. Ён цешыцца, калі ўдаецца камусьці дапамагчы змяніць жыццё да лепшага.

Перажывае за сітуацыю, у якой цяпер знаходзяцца беларусы. Верыць, што дабро пераможа зло.

Алёна Шабуня Belsat.eu

Стужка навінаў