Будаўнікі б’юць трывогу: няма рэнтабельнасці, заробкі ўпалі ўдвая, людзі сыходзяць


Тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў ліст кіраўніцтва Саюзу Будаўнікоў Беларусі на імя віцэ-прэм’ера Уладзіміра Кухарава, дзе распавядаецца пра крызіс у галіне будаўніцтва: усе будаўнічыя арганізацыі краіны сталі або стратнымі, або працуюць на мяжы нізкай рэнтабельнасці. Belsat.eu вывучыў гэты дакумент і запытаў у экспертаў, чаму склалася такая сітуацыя.

Ліст на 15 старонках ад праўлення Саюзу Будаўнікоў за аўтарствам старшыні арганізацыі Мікалая Шарамета быў накіраваны намесніку прэмʼер-міністра Уладзіміру Кухараву 20 жніўня.

Заробкі знізіліся амаль удвая

У лісце адзначаецца, што будаўнічая галіна Беларусі знаходзіцца ў крызісным стане, што стала вынікам невыканання балансу эканамічных магчымасцяў і дырэктыўных загадаў, а таксама планавання без уліку сітуацыі на вонкавых і ўнутраных рынках.

Ілюстратыўнае фота.
Фота: Belsat.eu

Шарамет адзначае, што ў галіне назіраецца рэзкае скарачэнне колькасці персаналу, у першую чаргу кваліфікаваных кадраў. З 2014 году колькасць працаўнікоў у будаўніцтве скарацілася амаль на чвэрць.

«Прэстыж будаўнічай прафесіі падае», – канстатуе аўтар ліста.

Гэтая з’ява наўпрост звязаная з нізкімі заробкамі будаўнікоў. Шарамет прыводзіць наступныя дадзеныя: калі ў 2010 годзе ў будаўніцтве працавала 318 тысяч чалавек з сярэднім заробкам у 1000 долараў, то на студзень 2019 года там засталося трохі менш за 195 тысяч пры сярэднім заробку ў 500 долараў (паводле Белстату, сярэдні заробак будаўнікоў па стане на ліпень склаў 1271,5 рублёў або прыкладна 625 долараў, – заўв. belsat.eu). У звароце адзначаецца, што заробкі будаўнікоў у Беларусі ў 1,3-2,4 разы ніжэй, чым у расейскіх будаўнікоў, у 1,8-3,3 ніжэй, чым у польскіх, і ў 1,7-5,8 ніжэй, чым у літоўскіх.

Ілюстратыўнае фота.
Фота: Belsat.eu

На зніжэнне якасці будаўніцтва таксама ўплывае той факт, што падчас выбару арганізацыі для распрацоўкі праекту дзяржаўныя органы ў першую чаргу глядзяць на цану кантракта, а не кваліфікацыю генеральнага падрадчыка. Жаданне нягледзячы ні на што знізіць кошты будаўніцтва прыводзіць да шматлікіх праблемаў.

«Цана не мусіць быць асноўным паказнікам», – упэўненыя ў Саюзе Будаўнікоў Беларусі.

Шарамет піша пра тое, што ў Беларусі назіраецца неадпаведнасць каштарыснага і фактычнага кошту будаўніцтва ва ўмовах «адсутнасці механізмаў маніторынгу бягучых выдаткаў падрадчыка і субпадрадчыка».

«Як вынік – усе будаўнічыя арганізацыі сталі стратнымі або працуюць на мяжы нізкай рэнтабельнасці», – адзначаецца ў дакуменце.

Ілюстратыўнае фота. Жылы комплекс каля заказніка «Лябяжы».
Фота: Belsat.eu

Паводле Шарамета, цяперашнія каштарысныя нарматывы не адпавядаюць рэчаіснасці, у выніку чаго на будоўлях дэ-факта выконваецца больш працаў, чым запланавана ў праектнай дакументацыі. Перавышэнне выдаткаў, запланаваных у каштарысе, часам можа дасягаць 30 %. У Саюзе Будаўнікоў Беларусі лічаць, што прыйшоў час «удасканаліць сістэмы цэнаўтварэння і каштарыснага нарматыўнага будаўніцтва».

Шарамет таксама падкрэслівае, што трэба стымуляваць ініцыятыву на месцах і аднавіць такія паняткі як «рацыяналізатарства» і «вынаходніцтва». Ініцыятывы на месцах сёння проста няма, сцвярджае ён, бо такія захады не аплачваюцца.

Усе гэтыя праблемы Шарамет прапаноўвае разглядзець у Савеце міністраў, а асабіста Кухарава – дапамагчы ў гэтым.

Ілюстратыўнае фота. Шматфункцыйны комплекс па вуліцы Кастрычніцкая.
Фота: Belsat.eu

«Навошта шум падымаць?»

У каментары belsat.eu Мікалай Шарамет не стаў аспрэчваць сапраўднасць ліста, але выказаў абурэнне ўцечкай інфармацыі.

Мікалай Шарамет.
Фота: znk.by

«Я не ведаю, хто гэта ў інтэрнэт дае! Я цяпер дам каманду службе бяспекі, каб гэта ўсё [хто «зліў» дакумент. – belsat.eu] зараз знайшлі, я падам на іх у суд».

Старшыня Саюзу Будаўнікоў Беларусі не адказаў на пытанне, ці была ўжо рэакцыя на ягоны ліст з боку віцэ-прэм’ера. Ён запэўніў, што сітуацыя ў сферы будаўніцтва не з’яўляецца экстранай:

«Ніякай катастрофы няма. У планавым парадку ўсё будзе разгледзена. Ніводнага пытання ўрад не пакідае без разгляду. Навошта шум падымаць?»

Раманчук: Будаўнічы рынак – адзін з самых падзеленых у краіне

Яраслаў Раманчук, кіраўнік Цэнтру Мізэса

Сітуацыю, якая склалася на беларускім будаўнічым рынку, эканаміст, кіраўнік Фонду Мізэса Яраслаў Раманчук звязвае з няроўнымі ўмовамі канкурэнцыі.

«У будаўнічай сферы Беларусі ёсць гульцы з асобым статусам, чыя рэнтабельнасць зашкальвае – яна дасягае амаль 70 %. Гаворка, напрыклад, пра Dana Holding, які будуе аб’екты на сербскія грошы. Калі зʼяўляецца гулец, які мае такія варункі працы, безумоўна, гэта адбіваецца на тым, што іншым не хапае рэсурсу.

Калі нехта скардзіцца, што не можа працаваць, а тым часам Dana Holding мае 70 % рэнтабельнасці, паўстае пытанне: што такога робіць гэтая кампанія, чаго не могуць зрабіць іншыя?» – кажа эксперт.

Шматфункцыйны комплекс па вуліцы Кастрычніцкая, які будуе кампанія «Белінтэ-Робэ», што ўваходзіць у будаўнічую кампанію «Дана-холдынг».
Фота: belsat.eu

Раманчук тлумачыць, што будаўнічы рынак у нашай краіне – адзін з самых падзеленых.

«Тут асабліва сурʼёзна сутыкаюцца інтарэсы наменклатурна-сілавога і камерцыйнага блокаў. Адсюль і праблема – звычайныя людзі, звычайныя будаўнічыя кампаніі без «даху» не могуць канкураваць і вылятаюць з рынку. Тым больш, на нашых будаўнікоў вялікі попыт і ў Расеі, і ў Літве, і ў Польшчы – вось людзі і едуць туды за заробкам у паўтары тысячы долараў», – тлумачыць ён.

Эканаміст звяртае ўвагу на адну акалічнасць: прыбытак усяго сектару будаўніцтва ў параўнанні з першым паўгоддзем 2018 году павялічыўся ў 3,5 разы, а чысты прыбытак – у 4,3 разы. Пры тым што іншыя паказнікі пагоршыліся: гэтак, чысты ўбытак у будаўнічых арганізацыяў павялічыўся ў два разы.

«Сёння ў будаўніцтве ёсць каля 200 стратных прадпрыемстваў, і каб вырашыць праблему, трэба або павялічыць попыт на іхныя паслугі (але для гэтага неабходны рост эканомікі), або проста пагадзіцца з тым, што будзе банкруцтва і людзі пяройдуць у іншыя сферы ці зʼедуць з краіны», – рэзюмуе Яраслаў Раманчук.

ВІДЭА
Топ-6 скандальных забудоваў Менску. Што з імі цяпер?
2019.01.25 09:31

ІІ, КА belsat.eu

 

Стужка навінаў