«Гарадзенскія Мальдзівы» ператвараюць у смеццевы палігон


У ваколіцах маляўнічых кар’ераў «Сінька» і «Зялёнка» у лесапарку Пышкі пад Горадняй працягваюць скідаць будаўнічае смецце ў прамысловых маштабах. Амаль 200 метраў лясной веласцежкі наўпрост засыпалі сілікатнымі блокамі, арматурай і цэглай.

Колішнія кар’еры «Сінька» і «Зялёнка» даўно ўжо не выкарыстоўваюцца ў прамысловасці. Яны напоўніліся вадой, зараслі лесам паабапал і сталі адным з улюбёных месцаў для адпачынку гарадзенцаў. Паводле будаўнічых нормаў, падобныя кар’еры могуць быць рэкультываваныя (бяспечны падыход да вады, роўна выкладзенае дно), а пасля перадаюцца на баланс выканкамаў.

Фота belsat.eu

У нашым выпадку выйшла інакш: вадаёмы перадалі на баланс без рэкультывацыі яшчэ ў 2015 годзе. Разам з тым, пад выглядам забеспячэння «бяспечных падыходаў да вады», кар’еры наўпрост завальваюцца будаўнічым смеццем: сілікатнымі блокамі, цэглай, арматурай і г.д. Адкіды галоўным чынам ідуць з «Спецаўтагаспадаркі» (САГ).

Знішчылі дарогу, на чарзе – дрэвы?

Апошні ж выпадак мае дачыненне не столькі да кар’ераў, колькі да тэрыторыі лесапарку побач, куды самазваламі вывезлі каля 30 поўных машын адкідаў, чым знішчылі кавалак лясной дарогі прыкладна ў 200 м – наўпрост завалілі.

«У Горадні ёсць магчымасць перапрацоўкі тых жа сілікатных блокаў: напрыклад, на Камбінаце будаўнічых матэрыялаў, – тлумачыць Яўген Філімонаў з грамадскай арганізацыі «Экаманіторынг», – Навошта выкідаць наўпрост у лесе і знішчаць дарогу? Са словаў супрацоўнікаў палігона, адкіды паходзяць з разабраных будынкаў вайсковага гарадку ў Лапенках. Па іхным рэгламенце, магчыма, яны ўсё гэта яшчэ маглі высыпаць у ваду, але ж ніяк не ў лесе!»

Роварны маршрут «Мелавыя горы» у Пышках мае працягласць 30 кіламетраў. Фота belsat.eu
Фота belsat.eu

Са словаў Філімонава, ён ужо камунікаваў з прадстаўнікамі «Спецаўтагаспадаркі». Тыя кажуць, што іх «дасталі» раварысты і тыя, хто ездзіць на квадрацыклах побач, таму і выкінулі на дарогу. З часам, маўляў, прыгоняць тэхніку, каб ссунуць усе гэтыя гурбы ў ваду. Але як тое зрабіць, калі паміж дарогай і кар’ерам растуць дрэвы – незразумела. Хіба коштам соснаў і бярозак…

Паводле эколагаў, прадстаўнікоў камбінату «дасталі» раварысты, таму будаўнічае смецце выкінулі наўпрост на дарогу. Фота belsat.eu

Не толькі шкода для экалогіі, але і марнаванне рэсурсаў

«Наогул, маё стаўленне да засыпання кар’ераў смеццем рэзка негатыўнае, – працягвае Філімонаў, –Адна з матывацыяў засыпання кар’ераў – выпадкі з патануўшымі там людзьмі. Разам з тым, людзі, асабліва ў нецвярозым стане, тонуць паўсюдна, але гэта ж не нагода засыпаць усе вадаёмы, праўда ж? А кар’еры – гэта ж цудоўнае месца, якое варта добраўпарадкаваць і карыстацца рэкрэацыйным патэнцыялам. Зараз жа імі карыстаюцца як бясплатнай звалкай».

Сярод іншага, эколаг звяртае ўвагу, што ў горадзе ёсць і пазітыўныя прыклады дэмантажу старых будынкаў. Зусім нядаўна разбіралі гаражы на вул. Дзяржынскага. Там працавала выдатная сучасная тэхніка: асобна вывозілі дошкі, асобна цэглу, асобна бетон.

Фота belsat.eu
Фота belsat.eu

Скажам, бетон з дапамогай драбільнай машыны, якая ёсць на балансе «Жылбуда», можна перарабіць у гравій – і ў Гордні ёсць такая магчымасць. Старыя дошкі – перарабіць у стружку. Такім чынам, выкідаючы будаўнічае смецце ў лесе, чыноўнікі не толькі шкодзяць экалогіі, але і закопваюць рэсурс, які можна выкарыстоўваць надалей.

Фота belsat.eu
Фота belsat.eu
Фота belsat.eu
Фота belsat.eu

Турыстычная зона ці смеццевы палігон?

Зрэшты, праблема са смеццем ля кар’ераў ды ў кар’ерах мае і яшчэ адзін ракурс. У лесапарку Пышкі каля пяці год таму рэалізоўваўся сумесны з Еўразвязам рэкрэацыйны праект, які датычыўся Літвы, Латвіі і Беларусі. Паводле праекту ў Пышках уздоўж Нёмна, а таксама ў раёне «Сінькі» і «Зялёнкі» паўсталі альтанкі, веласцежкі ды ўказальнікі.

Фота belsat.eu

Цікава, ці ведаюць еўрапейскія партнёры аб тым, што турыстычная зона паралельна выкарыстоўваецца дзяржаўнымі прадпрыемствамі як смеццевы палігон?

UPD

Як нам мы даведаліся ў прадстаўнікоў «САГ», дарога ўсё ж такі была засыпаная будаўнічымі адкідамі для ўзмацнення, маўляў, на ёй увесь час прасядаў грунт. Пазней увесь друз маюць выраўняць, але зараз, зразумела, ані роварам, ані машынай па ёй праехаць немагчыма.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў