БТ вінаваціць «Белсат» у «дэбошы» на сустрэчы з кандыдатам. Глядзіце, як усё было насамрэч


Кандыдат у дэпутаты Ігар Марзалюк назваў здымачную групу «Белсату» «бадзяжным цыркам» ды абвінаваціў нашых калег у правакацыі падчас сустрэчы з выбарцамі на ўчастку ў Магілёве. Аліна Скрабунова распавядае, як усё было на самой справе.

«Перад нашым носам зачынілі дзверы памяшкання, дзе адбывалася сустрэча выбарнікаў з Ігарам Марзалюком. Мы распачалі здымку задоўга да гэтага моманту – і гэта найлепшы доказ, што нашыя дзеянні былі прафесійныя і ў межах беларускага заканадаўства», – распавядае нашая калега.

Паводле журналісткі, супраць вядзення відэаздымкі была як камісія, гэтак і каманда Ігара Марзалюка.

«Старшыня камісіі Марына Зубарэнка сказала, што калі мы будзем весці відэазапіс, уся Беларусь даведаецца пра што мы размаўляем. Здаецца, што ў гэтым дрэннага?» – пытае Скрабунова. – Мы маем весці запіс сустрэчы публічнай асобы ў публічным месцы. Мы мелі на мэце задаць Ігару Аляксандравічу пытанне наконт зменаў у Канстытуцыі, якія ён праанансаваў, то мы былі проста вымушаныя пайсці на іх умовы: схавалі камеру і вярнуліся на сустрэчу. Адзінае: я вяла дыктафонны аўдыязапіс гэтай сустрэчы.

Паводле журналісткі, спатканне было самым звычайным – людзі задавалі пытанні, а кандыдат адказваў.

«Пасля сустрэчы мы падыйшлі да Ігара Аляксандравіча і задалі пытанне пра змены ў Канстытуцыі, [якія ён анансаваў], і ён адказаў на яго. Як мне падалося, мы разышліся мірна і спакойна без аніякіх прэтэнзіяў адзін да аднаго. Калі падавалася, што быў нейкі канфлікт, то ён быў вычарпаны. Таму для мяне быў вельмі дзіўны такі працяг гэтай гісторыі», – распавядае Аліна Скрабунова.

16 лістапада ў праграме «Панарама» на канале «Беларусь 1» выйшаў сюжэт з інфармацыяй аб «дэбошы» і «правакацыі» «польскага тэлеканалу» на тэрыторыі ўчастка з школе №12.

Паводле працаўнікоў БТ, пасля сустрэчы журналісты расклеілі на доме старшыні выбарчай камісіі ўлёткі з пагрозамі.

«Камандзе Ігара Марзалюка і выбарчай камісіі, магчыма, не спадабалася тое, што на ўчастку з«явіліся незалежныя журналісты, але не трэба нас вешаць усіх сабак. Пра ўлёткі, у расклейванні якіх нас абвінавацілі, я даведалася з артыкула на старонцы БелТА, – дадае журналістка. – Гэта не адпавядае рэчаіснасці ні на кроплю».

17 лістапада «Белсат» апублікаваў заяву з адказам на абвінавачванні з боку дзяржаўных медыяў.

«Згаданы сюжэт «Беларусь 1» і створаныя на яго аснове публікацыі ў іншых медыях рэдакцыя расцэньвае як атаку на «Белсат», якая можа спарадзіць чарговую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў», – гаворыцца ў нашым звароце.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў