БТ паказала мапу Беларусі з Беластокам, Вільняй і Смаленскам. Што за яна?


У матэрыяле Белтэлерадыёкампаніі быў паказаны сюжэт, прысвечаны стагоддзю БССР. У ім на момант з’явілася мапа Беларусі, у якую уваходзілі землі ад Беластоку і Вільні да Смаленска і Бранску. Гэта этнаграфічная мапа Яўхіма Карскага.

Мапу, паказаная ў эфіры БТ, стварыў даследчык беларускага мовазнаўства Яўхім Карскі. На самым пачатку XX стагоддзя навуковец склаў этнаграфічную мапу Беларусі на падставе распаўсюду гаворак беларускай мовы. Вынікі свайго даследавання Карскі апублікаваў у грунтоўным сямітомніку «Беларусы», які зняпраўдзіў канцэпцыю моўнай ідэнтычнасці расейскай і старабеларускай моваў і пацвердзіў існаванне і адметнасць уласна беларускай нацыі. Карскі расплюшчыў вочы беларусам і даў ім пабачыць сябе сапраўднай нацыяй.

Менавіта гэтай мапай натхняліся стваральнікі БНР, якія абвесцілі новую дзяржаву ў землях, дзе маюць перавагу беларусы.

«Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі», – гаворыцца ў Трэцяй устаўной грамаце, падпісанай 25 сакавіка 1918 года.

Гэтую мапу можна пабачыць, напрыклад, у Гістарычным музеі у Менску.

Мапа БНР. Выява са старонкі Imago.by

Паводле стваральнікаў БССР, межы новай дзяржавы павінныя былі практычна супадаць з межамі БНР: толькі ў раёне Бранску мяжа павінна была праходзіць бліжэй да мяжы Магілёўскай губерні, у раёне Рэжыцы – на захад ад мяжы БНР, у Віленскай губерні – бліжэй да Смаргоні і Ашмянаў. Таксама адрозніваліся ўчасткі мяжы з Польшчай у раёне Бельску і з Украінай – у раёне Навазыбкова.

Фактычна ж, БССР такіх межаў ніколі не мела – ужо праз месяц тэрыторыю Савецкай Беларусі вызначылі толькі ў складзе Менскай і Гарадзенскай губерняў, а 3 лютага Савецкую Беларусь аб’ядналі з Савецкай Літвой, утварыўшы ЛітБел. У склад новай рэспублікі ўвайшлі тэрыторыі Віленскай, Менскай, Гарадзенскай, Ковенскай і часткі Сувалкаўскай губерняў з насельніцтвам больш за 6 млн чалавек.

«Згодна з этнаграфічнай мапай Карскага Вільня, Беласток, Смаленск і Бранск былі беларускімі. Але той рэспубліцы, якую абвесцілі ў Смаленску і якую ўхвалілі «Маніхвэстам» ў гэтых межах было наканавана пражыць менш за месяц», – падало БТ.

Дзяржаўныя медыі шырока асвятляюць стагоддзе БССР. Гэтак, канал «Беларусь 1» падрыхтаваў да юбілею 12 паўхвілінных ролікаў пра першых сакратароў ЦК Кампартыі Беларусі Пацеляймона Панамарэнку (1938–1947) ды Пятра Машэрава (1965–1980), міністра замежных справаў СССР Андрэя Грамыку, які нарадзіўся пад Гомлем, ды беларускага касманаўта Пятра Клімука, але таксама пра Васіля Быкава, Стэфанію Станюту і Уладзіміра Мулявіна.

ДД

Стужка навінаў