БТ назвала Радыё Свабода «наймітамі» і «карыкатурыстамі»


У праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» 25 лютага выйшаў сюжэт, прысвечаны рэакцыі міжнародных СМІ на перамогу Дар’і Домрачавай на Алімпійскіх гульнях у Пхёнгчхангу.

Вядоўцы «Галоўнага эфіру» спачатку крытычна пракаментавалі артыкул у брытанскай газеце The Guardian пад загалоўкам «Былы агент КДБ выйграла залаты медаль па біятлоне на зімовай Алімпіядзе». Паводле іх словаў, пасля гэтага артыкулу «рука цягнецца за каменем, які ўжо столькі гадоў ляжыць за пазухай».

Пасля крытыкі брытанскага выдання, прапагандысты перайшлі да рэзкіх выказванняў на адрас беларускай службы Радыё Свабода.



Справа ў тым, што на фінішы ў Домрачавай адваліўся ад дрэўца беларускі дзяржаўны сцяг. У сацыяльных сетках Радыё Свабода на пустое дрэўка дамалявалі бел-чырвона-белы сцяг. Падаецца, бяскрыўдны жарт, цалкам прымальны для аўдыторыі сацсетак. Аднак у аўтараў праграмы на БТ ён выклікаў абурэнне.

«Радыё Свабода за грошы Кангрэса ЗША прымалявала Дашы нават не амерыканскі сцяг. Наймітам сумна, што хтосьці можа тое, чаго не могуць яны – шчыра любіць сваю радзіму», – сказала вядоўца Паліна Шуба, – «І вось гэтых карыкатурыстаў – адзінокіх і пакрыўджаных – пашкадаваць бы, дапамагчы ім неяк, але фантомныя болі не лечацца. Тым больш фантомныя хваробы ў галаве»

Мы папрасілі пракаментаваць гэтыя словы кіраўніка Менскага бюро беларускай службы Радыё Свабода Валянціна Жданко, аднак той заявіў, што «не каментуе падобныя рэчы».

«Нам забаронена даваць каментары ў такіх выпадках, звяртайцеся да шэфа нашай службы Аляксандра Лукашука ў Прагу. І мы не маем дачынення да сацсетак… Гэта ўсё да Лукашука. Ён на месцы і ў курсе сітуацыі», – сказаў Жданко.

Аляксандр Лукашук распавёў belsat.eu, што «чуў пра гэта, але сам сюжэт не бачыў».

«Любая рэклама лепш, чым адсутнасць рэкламы. Людзей не навучыш пачуццю гумару, калі яны яго не маюць».

На пытанне, чаму на сайце Радыё Свабода няма рэакцыі на словы прапагандыстаў, дырэктар беларускай службы адказаў:

«Мы не каментуем такога роду закіды ў іншых СМІ, тут няма чаго каментаваць».

КA, УШ, belsat.eu

Стужка навінаў