БТ назвала экс-палітвязня Мікалая Аўтуховіча «верхаводам тэрарыстычнай банды»


Дзяржаўны прапагандысцкі канал АТН паведамляе, што міліцыя і КДБ затрымалі групу тэрарыстаў, якія выканалі гучныя злачынствы ў Горадні ды на тэрыторыі вобласці, у тым ліку выкарысталі выбухі і падпалы як метады ціску на сілавікоў ды іхныя сем’і.

Лідарам «тэрарыстычнага атраду» называюць былога палітвязня з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. У сюжэце паведамляюць, што ў яго сканфіскавалі арсенал зброі ды выбухоўкі, маўляў, «планы ў яго былі грандыёзныя»:

«Вынятыя аўтамат, пісталет, глушыцелі, каля паўтары тысячы патронаў, восем тратылавых шашак, восем ручных гранатаў. Гатовыя для падпалу пяцілітровыя бутлі, балаклавы, рацыі ды яшчэ куча ўсяго».

Сцвярджаюць, што Аўтуховіч датычны да падпалу дому і аўтамабіля міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падпалу аўта міліцыянта ў Горадні.

У сюжэце супраць Аўтуховіча сведчыць адзін з ягоных «супольнікаў» Павел Сава. Аўтар рэпартажу называе яго беспрацоўным менчуком, які неаднаразова сядзеў. Сава кажа, што аўта міліцыянта ў Горадні Аўтуховіч падарваў з выкарыстаннем тратылавай шашкі, а сам ён «стаяў на варце».

«Каго і дзе падрываць або падпальваць, арганізатар гэтых дзеянняў Мікалай Аўтуховіч браў проста з «Тэлеграму». Звесткі размяшчаліся і размяшчаюцца ў дэструктыўным канале».

Таксама ў сюжэце называюць імёны іншых удзельнікаў «банды». Гэта Сяргей, Любоў і Павел Разановічы, Ірына Гарачкіна, Ірына ды Антон Мельхеры. Сцвярджаецца, што ўсіх іх затрымалі, змясцілі ў СІЗА, большасць супрацоўнічаюць са следствам і даюць паказанні. «Наша Ніва» піша, што значную частку часу Аўтуховіч гасціў у сям’і Разановічаў. Сяргей Разановіч – святар.

  • 57-гадовы Мікалай Аўтуховіч – былы прадпрымальнік і старшыня аргкамітэту па стварэнню саюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасць».

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў