БТ хоча знішчыць NEXTA. Пасля страйкаў супраць «Белсату» дзяржканал дамагаецца выдалення youtube-каналу блогера


Сцяпану Святлову, больш вядомаму як блогер NEXTA, пагражае знікненне з відэапляцоўкі.

Як распавядае Сцяпан у сваім апошнім роліку, які за дзве гадзіны паглядзелі ўжо 14 тысячаў, спачатку яго хацелі забаніць за таварны знак, а пасля БТ, ОНТ, СТВ ад імя фэйкавай асобы пачалі дасылаць скаргі за нібыта незаконна выкарыстаны кантэнт і парушэнне аўтарскіх правоў.

«Рабілася гэта падманным шляхам, уводзячы ў падман спецыялістаў сэрвісу. Нібыта я запампаваў іх відэа і загрузіў на канал. Але гэта нахабная хлусня, бо колькасць іхных кантэнту ў маіх роліках не перавышала і 20 % і цалкам адпавядала прынцыпу добрасумленнага выкарыстання. То бок не проста запампаваў, а гэта пошук бэкграўнду, напісанне шмат старонак тэксту, працяглы мантаж, бяссонныя ночы», – кажа Сцяпан.

Блогер тлумачыць, што дзяржаўныя медыі – манапалісты інфармацыі пра Лукашэнку і ягоны апарат, таму іншай крыніцы, адкуль яе можна браць, няма.

Што цікава, сама Белтэлерадыёкампанія ў сваіх матэрыялах неаднаразова выкарыстоўвала чужыя відэа, у тым ліку «Белсату».

NEXTA – заснавальнік і аўтар папулярнага відэаканалу на Youtube, дзе ў пятніцы публікуюцца забаўляльныя, інфармацыйныя або музычныя відэа пра Беларусь. Сапраўднае імя блогера – Сцяпан Святлоў – стала шырока вядома ў лютым, калі да ягонай маці прыйшлі з вобшукам следчыя па справе абразы кіраўніка краіны. Лукашэнка – сталы герой рубрык Святлова.

Яны нават падавалі скаргу на тое, што «Белсат» выкарыстаў частку відэа БТ для цытаты. Канал некалькі разоў спрабаваў развязаць канфлікт, але замест адказу праз месяц мы атрымалі другі страйк за старыя відэа. З’явілася пагроза ліквідацыі нашага галоўнага youtube-каналу. У выніку мы праглядзелі ўсе файлы і выдалілі ўсе відэа, дзе якім-кольвек чынам выкарыстаныя кадры БТ.

«Падвойныя стандарты БТ – ім можна браць чужое відэа, а нам – нельга. Мае падпісчыкі неаднаразова скардзіліся на тое, што БТ брала іх відэа без пазнакі аўтарства і выкарыстоўвала без згоды, змяняючы кантэкст», – адзначае журналіст.

І раіць паскардзіцца на іхнае відэа БТ гэтаксама, калі яны выкарыстоўвалі скрадзены матэрыял. Блогер стварыў запасны акаўнт. Таксама яго можна знайсці ў Telegram.

Сцяпан не сумняецца, што ўзновіць усе відэа, якія часова схаваныя пад замок. А, калі трэба, пойдзе ў суд.

Цяпер Сцяпана можна пабачыць кожную пятніцу перад «Аб’ектывам» у аўтарскай праграме «Суб’ектыў»

ДР belsat.eu

Стужка навінаў