БТ абурылася, што выступы кандыдатаў у дэпутаты трапілі ў інтэрнэт


Размяшчэнне ў інтэрнэце кандыдатамі іх перадвыбарных выступленняў, паказаных да гэтага на тэлебачанні, незаконнае, гаворыцца ў каментары, які распаўсюдзіла 19-га жніўня прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

«Не прайшло і трох дзён з пачатку трансляцыі выступленняў кандыдатаў у дэпутаты ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 3» Белтэлерадыёкампаніі, а некаторыя з кандыдатаў ужо праявілі незвычайную вынаходлівасць у сферы сваёй агітацыі, – сказана ў каментары. – Асобныя ўдзельнікі перадвыбарнай гонкі і зусім вырашылі папіярыцца за кошт працы медыя-холдынгу, размясціўшы выступ, прафесійна запісаны працаўнікамі БТ, у інтэрнэце, пры гэтым не атрымаўшы дазволу на дадзены крок ва ўласніка відэаматэрыялу, якім зʼяўляецца Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі, а ў далейшым яшчэ і абвінаваціўшы яе ў блакаванні незаконна размешчанага кантэнту».

«Лічым, што чалавек, не далёкі ад тэлебачання, выдатна ведае, што бывае ў выпадку незаконнага выкарыстання чужых відэаматэрыялаў. У адваротным жа выпадку яму, роўна як і іншым патэнцыйным народным абраннікам, якія лічаць сябе здольнымі займацца законатворчасцю ў парламенце, неабходна азнаёміцца з прапіснымі ісцінамі дзейнага заканадаўства», – мяркуюць на БТ.

Верагодней за ўсё, піша БелаПАН, гаворка ідзе пра ролік з выступам кандыдата ў дэпутаты, рэжысёра, аўтара праграмаў на «Белсаце» і актывіста Абʼяднанай грамадзянскай партыі Юрыя Хашчавацкага, размешчанага напярэдадні ў інтэрнэце, а 19-га жніўня выдаленага з сэрвісу, хутчэй за ўсё, праз зварот праваўладальніка.

«Лічым таксама, што шырокія магчымасці сучасных медыяў, у тым ліку інтэрнэту і сацыяльных сетак, дазваляюць любому з кандыдатаў у дэпутаты размяшчаць самастойна створаныя відэа, – аўдыё- ды іншыя матэрыялы агітацыйнага характару», – працягнулі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Раней у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі паведамілі БелаПАНу, што тэлевыступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не будуць транслявацца ў інтэрнэце, паколькі «гэта абумоўленае дакументамі ЦВК аб парадку выкарыстання кандыдатамі ў дэпутаты сродкаў масавай інфармацыі».

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў