БСДП (Грамада) падтрымае кандыдатуру Караткевіч на прэзідэнцкіх выбарах


Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) падтрымала вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года сябра партыі, актывістку кампаніі «Гавары праўду» Таццяну Караткевіч.

Такое рашэнне 19 красавіка адобрыў прэзідыум арганізацыі.

«Партыя прыняла рашэнне падтрымаць кампанію па вылучэнні кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі Таццяну Караткевіч, сябра БСДП (Грамада)», – паведаміў БелаПАН першы намеснік старшыні партыі Ігар Маслоўскі.

Адзначыўшы пры гэтым, што Таццяна Караткевіч – сябра партыі з 1999 года, яна прысутнічала на паседжанні прэзідыума і адказала на яго пытанні.

Прэзідыум упаўнаважыў старшыню партыі правесці перамовы з партнёрамі па кампаніі «Народны рэферэндум» наконт «фармавання адзінага нацыянальнага перадвыбарчага штабу, а таксама рэгіянальных структураў, маючы на ўвазе, што выбарчыя штабы будуць фармавацца на парытэтных прынцыпах з улікам прафесійных якасцяў сябраў палітычных партыяў і рухаў».

Першым пра вылучэнне Караткевіч кандыдаткай у прэзідэнтцы заявіла кампанія «Гавары праўду», актывісткай якой яна з’яўляецца. Арганізацыя прапанавала партнёрам з кампаніі «Народны рэферэндум» (БСДП (Грамада), Партыя БНФ і рух «За свабоду») падтрымаць рашэнне. Партыя БНФ ужо падтрымала кандыдатуру.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў