«БСБ Банк»: Здыміце ўсе грошы са сваіх банкаўскіх картак


Нацбанк выявіў «парушэнні і недахопы» у працы банку і пазбавіў «БСБ Банк» ліцэнзіі па асобных аперацыях з фізічнымі асобамі.

У афіцыйным прэс-рэлізе «БСБ Банк» прапануе сваім кліентам да 25 чэрвеня 2017 года зняць грошы са сваіх рахункаў. Пазней усе аперацыі будзе абслугоўваць упаўнаважаны банк, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Упаўнаважаным банкам, які будзе ажыццяўляць прыём заяваў аб выплаце кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), прыцягнутых «БСБ Банк», а таксама займацца выплатамі гэтых кампенсацыяў, вызначаны «Банк Масква-Мінск».

Нацбанк адклікаў у ЗАТ «БСБ Банк» ліцэнзію на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці па наступных банкаўскіх аперацыях:

  • прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асобаў (акрамя ІП) на рахункі і ўклады (дэпазіты)
  • адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асобаў (акрамя ІП)
  • выдача каштоўных папераў, якія пацвярджаюць прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асобаў (акрамя ІП) ва ўклады (дэпазіты), і размяшчэнне іх на рахункі
  • выпуск у абарачэнне (эмісія) банкаўскіх плацежных картак фізічных асобаў (акрамя ІП)
  • давернае кіраванне грашовымі сродкамі па дамове давернага кіравання грашовымі сродкамі фізічных асобаў (акрамя ІП)

З юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі «БСБ Банк» працягвае працаваць.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў