Вяселле прынца Гэры і Мэган Маркл. СТРЫМ


Фанаты каралеўскай сям’і занялі месца, каб пабачыць прынца Гэры з жонкай

PHOTOPQR / OUEST FRANCE / FORUM

Сёння ў Ўіндзарскім замку адбудзецца вяселле малодшага прынца Гэры і амерыканскай акторкі Мэган Маркл.

У адрозненні ад пары, якая прыехала ў замак толькі ўчора, людзі, якія хочуць заняць самае лепшае месца, каб хоць крыху пабачыць прынца і ягоную будучую жонку, пачалі прыязджаць яшчэ на пачатку тыдня. Некаторыя адмыслова засталіся сёння начаваць на вуліцы. Мяркуецца, што 10 тысячаў чалавек будуць назіраць за праездам маладзёнаў пасля вянчання. Вяселле будуць трансляваць брытанскія і замежныя тэлеканалы.

Зазвычай мужчыны ў каралеўскай сям’і не носяць заручальны пярсцёнак, але прынц Гэры вырашыў разбурыць гэтую традыцыю. Яшчэ адно нетыповае рашэнне – запрасіць на вяселле звычайных людзей. 1200 чалавек, з якіх шмат хто займаецца дабрачыннасцю, былі запрошаныя на цырымонію. Таксама возьмуць удзел у вяселлі 1400 супрацоўнікаў манаршай рэзідэнцыі, 200 дабрачынных арганізацыяў і 100 школьнікаў.

Паводле падлікаў брытанскіх СМІ, вяселле абыдзецца ў $ 43 млн, з якіх $ 40 млн будуць выдаткаваныя як на забеспячэнне бяспекі. Аховай парадку будуць займацца больш за 3 тысячы паліцыянтаў.

Сувенірная прадукцыя, вырабленая з нагоды вяселля прынца. EFE / Isabel Infantes / FORUM

Эканамісты падлічылі, што шлюбная цырымонія можа прынесці брытанскай эканоміцы $ 697 млн за кошт падвышанай цікавасці да гэтай падзеі не толькі брытанцаў, але і замежных турыстаў.

Прынц Гэры займае шостае месца ў чарзе на брытанскі прэстол, перад ім ягоны бацька прынц Чарлз, брат герцаг Кэмбрыджскі Ўільям і ягоныя дзеці.

ГА, belsat.eu паводле BBC

Глядзі таксама
Каментары