Брытанскія фанаты абяцаюць зладзіць гаспадарам ЧС па футболе «сапраўднае пекла»


Пра гэта паведамляе брытанскае бульварнае выданне «Daily Star», журналістам якога ўдалося паразмаўляць з адным з прадстаўнікоў ангельскіх ультрас.

Паводле суразмоўцы выдання (пажадаў застацца ананімным), брытанскія фанаты плануюць адпомсціць расейскім фанатам за Марсэль.

Фанаты клубаў «Millwall», «West Ham United», «Manchester United», «Manchester City» прыедуць у Расею, каб «ператварыць расейцаў у куранят, якія ідуць на забой».

«Калі нехта думае, што гэта жарт, што мы збіраемся паглядзець футбол, папіць піва, папаліць ды пагаманіць – гэтага не будзе. Ёсць нават 50-60-гадовыя фанаты, якія вар’яцеюць. Яны не могуць дачакацца пачатку чэмпіянату. Гэта будзе Трэцяя сусветная вайна», – заявіў ананімны фанат.

Нагадаем, што ў 2016 годзе расейскія і ангельскія фанаты зладзілі закалоты ў горадзе Марсэль. Масавая бойка адбылася напярэдадні матчу з удзелам нацыянальных зборных Расеі і Англіі падчас чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у Францыі.

Пасля бойкі, у якой пацярпелі дзясяткі асобаў, афіцыйную групу расейскіх фанатаў дэпартавалі з краіны. Трох расейцаў прысудзілі да турэмнага зняволення.

ЧС-2018 пройдзе ў Расеі ў 11 гарадах на 12 стадыёнах з 14 чэрвеня да 15 ліпеня.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў