Брытанскія дэпутаты хочуць перанесці Брэкзіт – цяпер слова за Еўразвязам


Брытанскія дэпутаты 14 сакавіка абсалютнай большасцю прагаласавалі за адтэрміноўку выхаду Злучанага Каралеўства з Еўрапейскага звязу. Пра гэта паведамляе Reuters.

412 галасоў былі аддадзеныя за тое, каб папрасіць Брусель адтэрмінаваць Брэкзіт на тры месяцы, калі да 20 сакавіка брытанскі парламент здолее ўзгадніць прапанаваную кіраўнічкай ураду Тэрэзай Мэй дамову пра выхад. У выпадку, калі гэта зрабіць не атрымаецца, плануецца запрасіць больш працяглую адтэрміноўку.

Супраць такога рашэння прагаласавалі 202 дэпутаты.

Галасаванне ў брытанскім парламенце.
Фота: REUTERS/Forum

Карыстаючыся тым, што ўжо 29 сакавіка Вялікая Брытанія мусіць пакінуць Еўразвяз, Тэрэза Мэй выкарыстоўвае пагрозу доўгай адтэрміноўкі, каб змусіць, нарэшце, прыхільнікаў Брэкзіту ўнутры яе Кансерватыўнай партыі падтрымаць дамову і не дапусціць аслаблення выхаду ці ўвогуле яго зрыву, адзначае Reuters.

Чакаецца, што новае галасаванне па дамове аб выхадзе з ЕЗ адбудзецца ў брытанскім парламенце ўжо на наступным тыдні. Раней дэпутаты двойчы адхілялі яе.

Таксама ўзгадніць адтэрміноўку мусяць 27 краін, якія ўваходзяць у ЕЗ.

Пытанне выхаду Вялікай Брытаніі з Еўрапейскага звязу было вынесенае на рэферэндум, які прайшоў 23 чэрвеня 2016 года. Тады яго падтрымалі больш за палову тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. 13 сакавіка 2019 года парламент Вялікай Брытаніі канчаткова выказаўся супраць выхаду Злучанага Каралеўства з Еўразвяза без выніковага пагаднення.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў