Брытанскі педафіл дзесяцігоддзямі ствараў міжнародныя стандарты «абароны правоў дзяцей»


Пітэр Н'юэл, фота - брытанская паліцыя

Былы кансультант Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) Пітэр Н’юэл атрымаў шэсць год і восем месяцаў турмы за неаднаразовы сексуальны гвалт над 12-гадовым хлопцам. Але 77-гадовы чалавек быў не звычайным функцыянерам, а фактычна адным з ідэолагаў сучаснай палітыкі ААН у сферы сямейнай палітыкі.

«Абаронца»

Нʼюэл да апошняга часу быў адной з ключавых фігураў у стварэнні міжнародных стандартаў «абароны правоў дзяцей».

У 2007 годзе ён стаў суаўтарам Падручніка па дастасаванні Канвенцыі па правах дзіцяці для ЮНІСЭФ, піша The Times. Асабліва актыўна ён абараняў ідэю таго, што бацькі не маюць права выкарыстоўваць любыя фізічныя пакаранні ў дачыненні да дзяцей.

У прыватнасці Нʼюэл быў каардынатарам «Асацыяцыі па абароне ўсіх дзяцей» ( Association for the Protection of All Children, скарочана – Approach, што перакладаецца як «падыход»), мэта якой – «абараняць дзяцей і падлеткаў ад фізічнага пакарання і любога іншага небяспечнага ці прыніжаючага абыходжання».

У 2015 годзе ягоная арганізацыя, якая штогод атрымлівала сотні тысячаў фунтаў стэрлінгаў фінансавання, дамагалася афіцыйнай забароны ў Еўразвязе нават даваць пляскача дзецям, а калі прапанова не прайшла, выступала за пакаранне тых краін, якія не падтрымалі гэтую ініцыятыву.

На дакументы, якія сыходзілі ад Нʼюэла і звязаных з ім арганізацыяў, абапіраліся ў сваіх рашэннях Камітэт ААН па правах дзіцяці і Парламенцкая асамблея Рады Еўропы.

Барацьба з «гвалтам супраць дзяцей»

«Мы хочам зʼяўлення крымінальнага артыкулу за любы гвалт супраць дзяцей, выдаюць яго за меру дысцыплінавання ці не. Аднак крыміналізацыя цялеснага пакарання ў сямʼі не значыць, што мы хочам, каб больш бацькоў атрымлівалі грашовыя пакаранні ці траплялі ў турмы», – казаў Нʼюэл.

У дадзеным выпадку мелася на ўвазе «бараніць» дзяцей ад цялесных пакаранняў нават у тых выпадках, калі пакаранні не нясуць ніякай шкоды здароўю.

Таму, паводле меркавання апанентаў, такія законы будуць адзначаць празмернае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў у прыватнае жыццё семʼяў – і бацькоў, і дзяцей.

Акрамя таго, такія законы дадуць трэцім асобам, напрыклад, такім як Пітэр Нʼюэл амаль бескантрольны доступ да чужых дзяцей, адзначаецца ў аналітычным дакладзе «Рух за забарону цялесных пакаранняў у сямʼі: крыніцы, метады, вынікі» міжнароднай арганізацыі Family Policy.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары