Брытанская паліцыя расследуе тэракт у Манчэстэры


Паліцыя Брытаніі пацвердзіла, што напад, які адбыўся напярэдадні Новага года на чыгуначнай станцыі «Вікторыя» ў Манчэстэры, расследуецца як тэрарыстычны акт.

У выніку нападу тры чалавекі – пажылая пара і паліцыянт – атрымалі нажавыя раненні. Паліцыя затрымала 25-гадовага мужчыну, які падазраецца ў замаху на забойства.

У аўторак раніцай на брыфінгу начальнік паліцыі Манчэстэра Аян Хопкінз сказаў:

«Мінулай ноччу адбыўся жудасны напад на людзей, якія проста святкавалі Новы год у Манчэстэры».

На месцы здарэння знайшлі два нажы, паліцыя таксама праводзіць ператрус у раёне Чытэм-Гіл, дзе жыў падазраваны. Паліцыі дапамагаюць працаўнікі спецслужбаў. Пакуль невядома, ці меў затрыманы брытанскае грамадзянства.

Пацярпелыя – мужчына і жанчына – шпіталізаваныя з нажавымі раненнямі ў жывот. У жанчыны таксама раны на твары. Паліцыянт, які спрабаваў дапамагчы пары, таксама пацярпеў.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў