Брытанская паліцыя ідэнтыфікавала злачынцаў, якія атруцілі Скрыпалёў


Рэакцыя брытанскіх уладаў на атручванне Скрыпалёў

Агенцтва Press Association паведамляе, што брытанская паліцыя змагла ўсталяваць асобы меркаваных злачынцаў, якія атруцілі двайнога агента Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.

Навіну пра гэта брытанскае інфармагенцтва распаўсюдзіла 19 ліпеня са спасылкай на інфармаваную крыніцу.

Праваахоўнікі кажуць пра некалькіх расейцаў, уцягнутых у спробу замаху, і шукаюць больш чым аднаго падазраванага.

«Следчыя мяркуюць, што яны выявілі падазраваных у здзяйсненні атакі з выкарыстаннем навічка дзякуючы сістэме відэаназірання, праверыўшы пры гэтым звесткі асобаў, якія ўехалі ў краіну прыкладна ў гэты час. Яны (следчыя) упэўненыя, што падазраваныя – рускія», – піша «The Guardian» са спасылкай на Press Association.

У сакавіку ў Солсберы былі атручаныя былы супрацоўнік ГРУ, брытанскі шпіён Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія. Пасля інцыдэнту яны некалькі тыдняў былі ў коме, пазней, як заявіла брытанская паліцыя, іхны стан палепшыўся. Улады Вялікай Брытаніі абвінавацілі ў арганізацыі атручвання Расею, Крэмль гэта адмаўляе. Паводле брытанскіх уладаў, Скрыпалёў атруцілі нервова-паралітычным рэчывам «навічок». Яго распрацавалі ў СССР.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары