Брытанец распавёў падрабязнасці атручвання «Навічком» у Эймсберы


Чарлі Роўлі распавёў, што знайшоў запячатаную скрынку ад парфумы, якую вырашыў падараваць сваёй сяброўцы Дон Стэрджэс, для якой атручванне «Навічком» стала смяротным.

Раней Роўлі трапіў у шпіталь у выніку атручвання нервова-паралітычным рэчывам «Навічок» у горадзе Эймсберы. За пару дзён да таго ён знайшоў на вуліцы запячатаную скрынку з парфумай. Знаходку Роўлі вырашыў паднесці ў якасці прэзента сваёй сужыцельцы Дон Стэрджэс. Пра гэта брытанец распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу ITV.

Пасля таго, як жанчына распыліла змесціва флакона на запясці, пара адчула сябе блага.

«Недзе праз 15 хвілін Дон паскардзілася на галаўны боль, і спытала, ці ёсць у мяне таблеткі. Пакуль я аглядаў кватэру яна сказала, што адчувае сябе дзіўна і павінна легчы ў ванну, што мне тады здалося трохі дзіўным. Я ўвайшоў у ванны пакой і знайшоў яе ў ванне, цалкам апранутую, у вельмі хворым стане», – распавёў Роўлі.

Паводле яго слоў, ён не мог падумаць, што ў запячатанай скрынцы можа знаходзіцца нешта нелегальнае або небяспечнае.

«Страшна падумаць, што нешта можа быць замаскіравана такім чынам і пакінута для публікі», – сказаў брытанец.

Роўлі таксама адзначыў, што рэчыва ў бутэльцы мела алеістую структуру і зусім не пахла духамі.

***

30 чэрвеня ў горадзе Эймсберы, недалёка ад Солсберы, дзе знайшлі атручанымі Сяргея і Юлію Скрыпалей, былі выяўленыя без прытомнасці 44-гадовая Дон Стэрджэс і 45-гадовы Чарлі Роўлі. 9 ліпеня жанчына памерла ў лякарні, стан мужчыны заставаўся цяжкім, аднак 10 ліпеня ён прыйшоў у сябе. Паводле дадзеных паліцыі, пацярпелыя былі атручаны нервова-паралітычным рэчывам «Навічок». Брытанская паліцыя займаецца расследаваннем інцыдэнту.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў