Брутальныя выбары ў Малдове. ТОП-6 спосабаў маніпуляцыяў


Крамы для чальцоў партыі, кантроль над тэлеканаламі і адзін чалавек, які хоча кантраляваць усё. Гэта пра Малдову – краіну, якая стала на шлях еўраінтэграцыі. Там увялі электронную сістэму ўліку выбарцаў, якая не дазволіла ладзіць укіды, каруселі або галасаванне «мёртвых душ». Аднак парушэнняў і маніпуляцыяў усё роўна было нямала.

Ігар Кулей склаў наш уласны рэйтынг – ТОП-6.

Ці шмат хто з вас ведае, што такое прапарцыйная выбарчая сістэма? А мажарытарная? Дык вось, парламенцкія выбары ў Малдове ўпершыню прайшлі паводле змяшанай з двух вышэйзгаданых выбарчых сістэм. Для выбарца гэта значыць, што замест аднаго, ён атрымлівае ў рукі адразу 2 бюлетэні для галасавання. Каб дадаткова «палегчыць» жыццё малдаванам, адначасова з парламенцкімі выбарамі, у краіне правялі яшчэ і рэферэндум, які дадаў яшчэ два бюлетэні ў рукі ўжо і без таго разгубленага выбарца.

Як вынік – пераход на змяшаную выбарчую сістэму дазволіў Дэмакратычнай партыі атрымаць на выбарах крыху больш месцаў у парламенце. Адгадайце, хто ініцыяваў змену выбарчай сістэмы? Ну вядома ж, Дэмакратычная партыя Малдовы, якую ўзначальвае самы заможны чалавек краіны Уладзімір Плахатнюк. Дэпутаты дэмакраты разам з прадстаўнікамі партыі Сацыялістаў прарасейскага прэзідэнта Ігара Дадона прагаласавалі за змены яшчэ ў 2017 годзе. Гэткае вынаходніцкае дэзарыентаванне выбарцаў мы паставім на шостае месца ў нашым рэйтынгу.

Кажа Андрэй, актывіст руху «Occupyguguta»:

«Уся гэтая тэхналогія павінна прывесці да таго, каб у спадара Плахатнюка было дастаткова магчымасцяў перафарматаваць уладу паводле свайго меркавання. У нас дастатковая колькасць людзей, якія нават калі выйгралі паводле спісаў партыяў, у іх крыху іншы статус і іншая легітымнасць, іх будзе лягчэй пераканаць, каб яны склалі большасць, якую будзе кантраляваць Плахатнюк».

А як вам той факт, што Уладзіміру Плахатнюку наўпрост ці ўскосна належаць 4 з 5 самых папулярных тэлеканалаў краіны? Лепшы актыў для агітацыі цяжка сабе нават уявіць.

«Медыі, якія маюць нацыянальнае пакрыццё і вялікі рэйтынг, несвабодныя. Яны залежаць або ад палітычных дзеячаў, або ад уласнікаў, набліжаных да палітыкаў», – каментуе Надзін Гогу, выканаўчы дырэктар Незалежнага цэнтру журналістыкі Малдовы:

Выкарыстанне ўласных СМІ сабе на карысць цягне на цвёрдую пяцёрку ў нашым спісе. Чацвёртае месца аддамо выкарыстанню адміністрацыйнага рэсурсу: ціск на выбарцаў, запалохванне студэнтаў. Усе гэтыя метады можна сустрэць у арсенале кожнага аўтарытарнага лідара на постсавецкай прасторы, які сябе паважае. Вось і ў Кішынёўскім Педагагічным універсітэце на сустрэчу з лідарам апазіцыйнага блока Acum Маяй Санду не прыйшоў ніводны студэнт. Напэўна, партыя маргінальная, нікому не цікавая, але не. Паводле вынікаў выбараў Acum заняла трэцяе месца.

«У большасці выпадкаў ёсць прычына, чаму людзям кажуць не прыходзіць на сустрэчы. Гэта здараецца не ў першы раз. Бывала, што ў сёлах людзям казалі, што іх будуць фатаграфаваць падчас сустрэч з намі, а потым з імі будуць разбірацца», – лічыць Мая Санду, лідарка блоку ACUM.

Ганаровы нумар тры ў нашым спісе – ноу-хау былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Цітушкі. Маладзёны моцнага целаскладу, якія выконваюць шырокі спектр задач: ад зрыву перадвыбарчага пікету кандыдата-канкурэнта, да сілавых правакацыяў. Адзін з прадстаўнікоў гэтай слаўнай прафесіі спрабаваў заглушыць гучнай музыкай сустрэчу апазіцыйнага кандыдата партыі Acum Андрэя Нэстасэ з выбарцамі. Хто наняў гэтага маладзёна? Відавочна не прадстаўнікі апазіцыі, што б перашкаджаць самім сабе.

«Відаць было, што паліцыя бяздзейнічае, яна была на баку тых, хто прыйшоў ладзіць дэбош», – сцвярджае лідар блоку АСUM, Андрэй Нэстасэ.

Серабро рэйтынгу атрымлівае лідар Дэмакратычнай партыі Малдовы, алігарх Уладзімір Плахатнюк за ўласную «кішэнную партыю» іншага бізнесоўца Ілана Шора. Партыя «Шор» стварала на выбарах бачнасць незалежнай палітычнай сілы, але большасць назіральнікаў сыходзяцца ў высновах – «Шор» толькі фантомная частка дэмакратычнай партыі, якая мае адцягнуць на сябе галасы канкурэнтаў.

Каментуе палітолаг Ён Тэбырцэ:

«Нашых палітыкаў цікавіць толькі свой электарат. Яны не зацікаўленыя ў тым, каб развіваць грамадства. Яны хочуць толькі падмануць, рознымі спосабамі прыцягнуць выбарцаў, каб тыя прагаласавалі за іх. А пасля ўсё што яны робяць – павярхоўна. Вельмі шмат рыторыкі».

Дабраліся да фаварыта нашага спісу. Золата аддамо сацыяльным крамам ужо згаданага лідара партыі імя самога сябе Ілана Шора.

Вы пенсіянер, інвалід або ветэран? Зарэгіструйцеся ў партыі Шора, і купляйце ежу і розныя тавары ў спецыяльных крамах, танней сабекошту. Подкуп выбарцаў? Ну што вы!

«Ідзе масавая кампанія з выкарыстаннем грошай ценявой эканомікі. Калі пагарджаюць усімі нормамі і адкрыта праводзяць подкуп выбарца. Скупаюць галасы», – заявіў Оазу Нантой, экс-дэпутат парламента Малдовы.

Былі і бясплатныя канцэрты ў падтрыманне кандыдатаў, і грошы за галасы выбарцаў з Прыднястроўя. Але дазволіць сабе такую ​​раскошу маглі толькі прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, заручыўшыся падтрыманнем Крамля, і бізнесоўцаў Плахатнюка і Шора.

«Дэмакратычная партыя і іх партыя-сатэліт «Шор» бяруць грошы з розных ценявых схем і афшораў. Што датычыць сацыялістычнай партыі, яны таксама бяруць грошы з афшораў, і вядома грошы ідуць з Расеі», – дадае палітолаг Ён Тэбырцэ.

Паколькі ніводная з партый не атрымала нават траціны галасоў выбарцаў, дэмакраты, сацыялісты і ACUM будуць вымушаныя цяпер дамаўляцца. Дзве з гэтых трох партый павінны абʼяднацца і стварыць кіроўную кааліцыю. Калі цягам пяці дзён яны не змогуць гэтага зрабіць, краіну чакаюць новыя выбары, а значыць, і наш рэйтынг можа атрымаць новых лідараў.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясой:

Глядзіце міжнародную праграму «ПраСвет» з Алінай Коўшык и Сяргеем Пелясой кожную пятніцу а 21:25 на «Белсаце», а таксама онлайн. Заходзьце на Facebook праграмы!

 

Стужка навінаў