Брутальна затрымалі актывіста штабу Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага. Абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў


Спадара Юрыя забралі з дому – вывалаклі з кватэры, як распавяла ягоная жонка Алеся. Потым цягам дзевяці гадзін праводзілі вобшук. Цяпер Васкрасенскі знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Да сям’і Васкрасенскіх міліцыя прыйшла а 12-й гадзіне дня 12 жніўня. Сужэнцы былі ўдома разам.

«Да нас уварваліся ў кватэру, выламалі жалезныя дзверы, мяне паставілі на калені, галавой уніз, мужа цалкам паклалі на падлогу, моцна прыціснулі, вельмі хутка яго вывалаклі. Усё адбывалася вельмі жорстка, як мы гэта раней бачылі ў фільмах і жахаліся, – распавядае Алеся Васкрасенская. – На маё пытанне «Хто вы такія? Прадстаўцеся, калі ласка» мне не далі ніякага каментара. Мой муж цярпіць на некалькі хранічных захворванняў, ён гіпертонік. Я, толькі адышоўшы ад шоку, зразумела, што не змагла перадаць яму неабходных лекаў, калі яго вывалаклі з дому. Я змагла толькі нейкі карвалол яму ўсунуць, бо ён прасіў – мне патрэбныя лекі. Але гэта ж нішто. Я не паспела даць нічога больш з таго, што яму выпісваў лекар, і што трэба прымаць пастаянна, каб не было гіпертанічнага крызу. Як перадаць нешта цяпер – я не ведаю. Пра ягоны стан мне нічога невядома».

Юрый Васкрасенскі. Фота з сацыяльных сетак

Прыкладна праз дзве гадзіны пасля затрымання мужа да спадарыні Алесі прыехалі з ператрусам, які цягнуўся да 22-23 гадзіны. Жанчыне паказалі пастанову на ператрус у звязку з адкрыццём крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч.2 («Удзел у масавых беспарадках»), ч.3 («Навучанне ды іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках») і арт. 310 («Наўмыснае блакаванне транспартавых камунікацый»). Таксама была пастанова на ператрус аўтамабіляў, што належаць сужэнцам, хоць юрыдычна, падкрэсліла спадарыня Алеся, транспартавыя сродкі – ва ўласнасці кампаніі мужа.

Алеся Васкрасенская. Фота з сацыяльных сетак

«У нас апісвалі самыя звычайныя рэчы, што не з’яўляюцца нечым незаконным, ёсць у кожнага, нават фотаздымкі дваццацігадовай даўніны, паштоўкі. Сын цяпер студэнт-медык, у яго ўдома ёсць аптэчка з бінтамі, нейкімі прэпаратамі. Гэта ўсё таксама апісалі і забралі. Я не разумею, навошта, – распавяла Алеся Васкрасенская. – Забралі ўсе мабільныя тэлефоны, крэдытныя карткі, заробкавыя, усіх сямейнікаў. Я запыталася ў іх, за што нам жыць цяпер. Яны дазволілі пакінуць каля ста рублёў наяўнымі. Пра тое, што муж у СІЗА КДБ, мне сказалі толькі ўвечары пасля сканчэння працы следчай групы. Пра тое, што з ім цяпер адбываецца, у мяне няма ніякай інфармацыі. Я спрабую арганізаваць для яго нейкую юрыдычную дапамогу і зразумець, як увогуле дзеіць у гэтай сітуацыі, каб вызваліць невінаватага і незаконна затрыманага чалавека».

Інтэрв’ю
«Было адчуванне, нібы нас захапілі тэрарысты». Аповед жанчыны, 9-гадовага сына якой білі нагамі і дубінкай
2020.08.13 18:52

Спадарыня Алеся кажа, што не разумее, за якія дзеянні спадара Юрыя маглі затрымаць.

«Мой муж заўсёды быў побач са мной. Звычайна хадзіў на працу, займаўся гаспадарчай дзейнасцю. Я не разумею, на падставе чаго распачалі крымінальную справу, – распавядае жанчына. – Магчыма, рэч у тым, што ён займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю ды карэктна і заўсёды ў прававым полі выказваўся пра тое, што адбываецца. Магчыма, гэта яго эмацыйна закранала, але гэта эмацыйна закранае кожнага. Я цяпер еду па горадзе і чую паўсюль гул аўтаў. І я разумею, што я магу праехаць тут, а мяне потым абвінавацяць у тым, што я ўзяла ўдзел у нейкім несанкцыянаваным аўтапрабегу. Сёння мне б хацелася быць упэўненай, што ўсе бакі будуць дзеіць у рамках закону. Каб закон выконваўся. Тое, што адбываецца, – вельмі складана судзіць пасля трохдзённага локдаўну інтэрнэту. Чалавек, які проста ходзіць на працу і жыве звычайным жыццём, у сітуацыі адсутнасці інфармацыі можа ствараць нейкія домыслы, нешта не так разумець. Калі не будзе такога прэсінгу на інфармацыйныя каналы, абодва бакі будуць разумець, што насамрэч адбываецца. Але самае галоўнае – абодва бакі павінны прытрымлівацца закону, павінны шанавацца правы і свабоды чалавека. І мне падаецца, што ў законе не прапісана, што чалавека могуць затрымліваць як тэрарыста, не паказваючы яму дакументу аб затрыманні. Я не магу судзіць дакладна, бо не маю юрыдычнай адукацыі, але інтуітыўна разумею, што гэта няправільна».

Ланцугі салідарнасьці. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Святла Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Юры Васкрасенскі – былы дэпутат Менскага гарадскога Савету, актывіст штабу былога кандыдата на прэзідэнцтва Беларусі Віктара Бабарыкі, бізнесмен, які кіруе кампаніяй-рэзідэнтам ПВТ, а таксама шэрагам кампаніяў, што займаюцца аптовым і раздробным гандлем.

НА belsat.eu

Стужка навінаў