«Брудныя грошы на каранціне»: беларускія банкі рэкамендуюць радзей плаціць наяўнымі


У межах барацьбы з распаўсюдам каронавіруса беларускія банкі заклікаюць сваіх кліентаў часцей карыстацца інтэрнэт-банкінгам і радзей плаціць наяўнымі.

Беларускі народны банк (БНБ) нагадвае, што для большасці «аперацыяў ёсць зручныя і простыя альтэрнатывы па іх выкананню онлайн пры дапамозе прыкладання i’mbanking.by, не выходзячы з дому». На сайце БНБ таксама паведамляецца, што банк імкнецца абслугоўваць кліентаў і весці ўсе справы ў «дыстанцыйнай форме».

Карыстацца онлайн-паслугамі заклікаюць Статусбанк, Банк Дабрабыт і БПС-Сбербанк.

Крыніца: bankdabrabyt.by

«Банк [БПС-Сбербанк] разумее, што ў выпадку ўвядзення рэжыму надзвычайнага становішча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, немагчымасць наведвання аддзяленняў Банку адабʼецца на фінансавым становішчы шматлікіх індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, а таксама грамадзянаў, вымушаных часова пакінуць працу. Улічваючы верагоднасць прыняцця павышаных захадаў прафілактыкі распаўсюджвання каронавіруса, БПС-Сбербанк нагадвае пра шэраг паслугаў, якія можна ажыццявіць дыстанцыйна».

BSB Bank адрэагаваў на каронавірус прапановаю для бізнесу, які сыходзіць на дыстанцыйную форму працы.

Крыніца: bsb.by

У сваю чаргу Нацбанк Беларусі парэкамендаваў камерцыйным банкам не завышаць курс канверсіі пры зняцці фізічнымі асобамі наяўнай замежнай валюты, а таксама не ўводзіць неабгрунтаваныя абмежаванні або падвышэнне коштаў аперацыяў па зняццю наяўных з банкаўскіх рахункаў.

Акрамя таго, Нацбанк Беларусі запэўніў, што ўсе наяўныя грошы, якія паступаюць у банк, «трапляюць на 14-дзённы каранцін».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў