«Брудныя, але не зламаныя!» Жыхары Новай Баравой не вераць у звычайнае адключэнне вады


Ужо другі дзень у большасці дамоў мікрараёну Новая Баравая няма вады. Увесь гэты час людзі не ведаюць дакладна, у чым праблема і як доўга гэта працягнецца. Жыхары вымушаныя прыстасоўвацца, шмат у каго з іх малыя дзеці. Але замест развязання праблемы адказныя службы пакуль што прапанавалі мясцовым жыхарам толькі цыстэрны з вадой і біяпрыбіральні ў колерах бел-чырвона-белага сцяга.

Арганізацыя «А-100 Камфорт», якая абслугоўвае Новую Баравую, правяла дыягностыку і агляд уласнымі сіламі. Выявілася, што прычына ў тым, што нехта перакрыў ваду і адкруціў вентыль, які рэгулюе плынь вады.

Фота прадстаўлена рэдакцыі мясцовымі жыхарамі

Кампанія перадала інфармацыю ва УП «Менскводаканал» для ліквідацыі наступстваў. Менгарвыканкам у сваім афіцыйным тэлеграм-канале паабяцаў «прыняць усе неабходныя захады для аднаўлення водазабеспячэння ў максімальна сціснутыя тэрміны», але тэрмінаў развязання праблемы не назваў.

Мы паразмаўлялі з жыхарамі Новай Баравой пра гэтую сітуацыю. Паводле Яўгена, прычыны аварыі змяняліся некалькі разоў на дзень:

«Вада знікла ў раёне дзявятай гадзіны раніцы 15 лістапада. Мы пачалі звязвацца з кампаніяй «А-100 Камфорт», куды ўжо паступіла вялікая колькасць званкоў. Першапачаткова адказалі, што напэўна праводзяцца нейкія работы і яны самі дакладна не ведаюць. Далі тэлефоны водаканалу, дзяжурны сказаў, што вядзецца нейкая работа.

Мы дазваніліся да водаканалу, але яны пачалі блытацца ў версіях: спачатку казалі, што ведаюць, дзе ў іх пашкоджанні; потым – што не ведаюць, і сітуацыю з міліцыяй ніяк не могуць пракаментаваць. Потым зʼявілася версія, што засаўку, якая адкрывае ваду, ці то зламалі, ці то скралі, і на месцы працуюць працаўнікі міліцыі. Пасля зʼявілася іншая інфармацыя, што ў трубах знік ціск і яны шукаюць уцечку.

Новая Баравая засталася без вады. Фота прадстаўлена рэдакцыі мясцовымі жыхарамі

Калі мы спрабавалі нарэшце высветліць, што ж здарылася, ці знайшлі праблему, нам адказалі: так, прычыну ліквідавалі, і кінулі трубку. Гэта было адкрытае здзеклівае стаўленне. У выніку каля 15:00 ваду далі, але да 19:00 яна знікла зноў. Нібыта яны зрабілі пробы вады, і яна не адпавядае норме, таму ваду зноў адключылі. І на працягу ўсяго дня версіі мяняліся. Ад любой дапамогі жыхароў водаканал адмаўляўся.

Мы звязваліся з абласным МНС, казалі ім, што гэта надзвычайная сітуацыя, бо без каналізацыі засталося больш за 3000 чалавек. «А-100» напісала, што з іх боку ўсё ў парадку і праблемы ў водаканалу, але сёння там увогуле не адказваюць на тэлефанаванні.

Новая Баравая 3-ія содні без вады.
Фота: АД / «Белсат»

Цікава, што яшчэ да ўсёй гэтай «паломкі» нам прывезлі тры біяпрыбіральні, першапачаткова афарбаваныя ў бел-чырвона-белы, і дэманстратыўна ўсталявалі. Хтосьці заўважыў, што гэта адбывалася з суправаджэннем МНС, а прыбіральні былі закрытыя чорнай плёнкай, каб не бачылі, што яны там робяць. Іх прывезлі пафарбаванымі або фарбавалі ўжо на месцы – мы не ведаем.

Унутрана я схіляюся да таго, што гэта не выпадковасць. Усім заўсёды было не да Новай Баравой, пакуль на вокнах не пачалі сцягі вывешваць. Нас сталі кантраляваць, марш – не марш, кожную нядзелю ў нас пастаянна курсіруюць 1–2 бусы сілавікоў.

І гэтая сітуацыя з вадой вельмі дзіўная. Унізе, на першых паверхах, вада ідзе, хоць і слаба, але яна не падаецца ў кватэры вышэй праз адсутнасць ціску. Такое адчуванне, што нам прыбралі помпу, ціск выключылі. У садку і ў школе вада ёсць, а ў дамах няма. І ніякіх аварыйных машынаў заўважана не было».

Мікрараён Новая Баравая, Менск, 28 жніўня. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Карына, жыхарка Новай Баравой, таксама думае, што вада знікла не сама:

«Учора ў дзевяць раніцы заўважыла, што напор вады стаў вельмі слабым, і неўзабаве яна знікла зусім. У «А-100» мне сказалі, што адбылася аварыя, сітуацыя ўжо стала зразумелай і ў бліжэйшы час брыгада водаканалу ўсё выправіць. Я была дома з дзіцём адна, і мне без вады вельмі цяжка. Да вадавоза мне не ўдалося трапіць, і я выклікала сабе дастаўку вады. І як толькі мне яе прывезлі, ваду далі, але са слабым напорам. Паспела вымыць посуд, памыць дзіця. Але неўзабаве вада зноўку знікла. Усе спробы звязацца з водаканалам былі дарэмныя: жанчыны-дыспетчары хамілі, кідалі трубку і ніяк не маглі растлумачыць сітуацыю.

Ад гэтай сітуацыі я цяпер у шокавым стане. У мяне ёсць такое падазрэнне, што ўсё гэта зроблена не дарма. Што гэта такая маленькая дыверсія супраць нашага раёну за тое, што мы маем сваю выразную палітычную пазіцыю, і больш я не ведаю, як гэта пракаментаваць. Я не ведаю, як паўплываць на органы, якія фактычна пазбавілі нас галоўнага: мы не можам нармальна схадзіць у прыбіральню, прыгатаваць ежу, памыць рэчы, не можам памыць дзяцей. Гэтая сітуацыя вельмі агідная.

Новая Баравая засталася без вады. Фота прадстаўлена рэдакцыі мясцовымі жыхарамі

У раёне дзяжурыць машына з цыстэрнай вады. А таксама неабыякавыя людзі, суседзі з Бараўлянаў, Валярʼянава, Маяка Менску, Уручча, Копішча нам вельмі дапамагаюць».

  • Новая Баравая адзін з самых пратэстных мікрараёнаў Менску. Самаарганізацыя мясцовых жыхароў тут пачалася яшчэ ў перыяд выбарчай кампаніі бягучага году.
Hавiны
Дваровыя і раённыя чаты запрашаюць чыноўнікаў. Замест – прыходзяць сілавікі
2020.10.23 18:30

АД belsat.eu

Стужка навінаў