БРСМ выкарыстоўвае «гастарбайтараў» і стварае ліпавыя студатрады


Генеральная пракуратура зладзіла правяранне выканання заканадаўства Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі (БРСМ) падчас стварэння і дзейнасці студэнцкіх працоўных атрадаў. І даведалася шмат цікавага.

Фэйкавыя студатрады

На Мазыршчыне пракуроры выявілі, што мясцовы камітэт БРСМ запісаў 32 асобы ў ліпавыя студатрады. Маладыя людзі нават не ведалі пра іх існаванне. Яны проста пашлі працаваць у КСУП «Слободское им. Ленина».

Ігнараванне выканкамаў

Паводле пракуратуры, амаль ва ўсіх рэгіёнах краіны студатрады фармаваліся з парушэннямі тэрмінаў узгаднення з аблвыканкамамі (Менгарвыканкамам) або ўвогуле без узгаднення.

Парушэнні працоўнага заканадаўства

Наглядчы орган даведаўся, што БРСМ залічаў у склад «байцоў» (так у БРСМ прынята называць чальцоў студатрадаў) 16-гадовых студэнтаў без пісьмовага дазволу бацькоў. Таксама пракуратура паведамляе пра запазычанасці па заробках перад студэнтамі, працу без афармлення працоўных кніжак, падпісаных дамоваў, медагляду і інструктажу.

Па выніках праверкі Генеральная пракуратура вынесла пракурорскае прадстаўленне (акт пракурорскага нагляду, які звяртае ўвагу на парушэнні заканадаўства). У пракурорскім прадстаўленні даецца парада аб неабходнасці «умацаваць метадычную і аналітычную працу ў пытаннях працаўладкавання моладзі».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары