БРСМ хоча стварыць «Фабрыку думкі»


Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў прапанаваў стварыць у краіне клуб экспертаў. Пра гэта ён заявіў 26 жніўня падчас адкрытага дыялогу «Моладзь і палітыка: формула адказнасці» на фестывалі «Алімпія-2016».

Андрэй Белякоў адзначыў, што адкрыты дыялог зʼяўляецца ў нейкай ступені генератарам думак. «Некаторыя з іх унікальныя і прымушаюць задумацца аб развіцці не нейкіх прыватных інтарэсаў, а краіны і грамадства. Адкрыты дыялог ужо перарос у рух, таму ёсць прапанова ад саюзу моладзі зрабіць клубнае абʼяднанне па ўсёй краіне, каб гэты адукацыйны кірунак развіваўся».

Першы сакратар ЦК БРСМ упэўнены, што адкрыты дыялог можа праходзіць і ў тэлевізійным фармаце.

«Калі нас падтрымаюць, саюз моладзі сумесна з усімі зацікаўленымі гатовы развіваць на пастаянным, сістэмным узроўні гэтую тэму», – дадаў Андрэй Белякоў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі падтрымаў гэтую ініцыятыву і адзначыў, што падобныя дыскусіі, як адкрыты дыялог, патрэбныя. Але клуб экспертаў, які прапануе стварыць БРСМ, не павінен стаць проста чарговым праектам.

«Будзем падтрымліваць гэтую ініцыятыву. Калі ўсё атрымаецца, гэта будзе той праект, які сёння патрэбны краіне, грамадзянскай супольнасці, інтэлектуальным колам, – звярнуў увагу Ігар Бузоўскі. – Таму давайце якасна прадумаем гэтую ініцыятыву, каб яна працавала і яе ўзровень адпавядаў той высокай задачы, якую вы перад сабой ставіце».

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў