Бразільскія заўзятары адкажуць за «ружовую кіску»

ВІДЭА

"Дасціпныя" бразілійцы і іхная "ахвяра"

Замежныя заўзятары часта робяць з недасведчаных расейцаў вар’ятаў – вучаць іх глупым выразам і размяшчаюць відэа ў інтэрнэце. З гэтага і паўстаў міжнародны скандал.

«Buceta rosa» – у вольным перакладзе з партугальскага «ружовая кіска». Некалькі дзён таму ў інтэрнэт трапіў запіс, у якім маладая расейка, якую падбухторвала група бразільскіх заўзятараў, выкрыквала гэтыя непрыстойныя словы, думаючы, што гэта нешта зусім іншае.

Паводзіны прыезджых з-за мяжы выклікалі абурэнне ў расейцаў, якія збіраюць у інтэрнэце подпісы пад петыцыяй з патрабаваннем суровага пакарання занадта дасціпных лацінаамерыканцаў. Між тым, інфармацыя пра выбрык трапіла ў бразільскія СМІ і жартаўнікоў хутка знайшлі.

Адзін з іх з’яўляецца афіцэрам жандармерыі. Ягонае начальства абвесціла пра наступствы за недастойныя паводзіны. Другога, адваката, таксама папярэдзілі ў мясцовай радзе адвакатаў. Больш за ўсё не пашанцавала супрацоўніку авіякампаніі, якога звольнілі.

Іншая група бразільцаў у Растове-на-Доне – запісы таксама засталіся на камерах – вучыла мясцовую моладзь выразу «eu sou filho da puta» – што азначае «я сын жанчыны лёгкіх паводзінаў».

Падобнае пачуццё гумару паказалі двое аргентынскіх заўзятараў. Першы з іх вучыў маладую расеку выразу «Прывітанне аргентынцы, прыяжджайце, я хачу вам…» і выраз сканчаецца анонсам аральнага сексу. Падобна пажартаваў ягоны суайчыннік, які запісаў і выклаў відэа, у якім вучыць расейку гаварыць «Я люблю аральны сэкс».

Да справы далучыліся расейскія СМІ, якія хутка правялі журналісцкае расследаванне і выкрылі «злачынцаў». Пасля выказаліся аргентынскія ўлады. Сам міністр бяспекі краіны Патрысья Бульрыч папрасіла арганізатараў забраць у аўтараў жартаў іх пропуск на матчы.

Між тым жартаўнікі, якія пакаіліся, на старонках СМІ ўжо паспелі папрасіць прабачэння ў расейскіх жанчынаў і ўсёй нацыі.

Расейскія медыі вельмі пераймаюцца выпадкамі гумару гэтак нізкага ўзроўню ў дачыненні сваіх грамадзянаў і з воплескамі прымаюць факты пакарання вінаватых у «крыўдзе расейцам».

ЯБ/ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары