Бразільскі мастак не можа з'ехаць дадому праз беларускі дождж. Сябры запусцілі збор сродкаў на квіткі


Бразільскі мастак Дыега Дэдабліа прыехаў у Беларусь па праекце «Vulica Brazil» і ўзяўся размалёўваць сцены Культцэнтру «Корпус». Але праз дождж ён не можа скочыць сваю працу. Каманда «Корпусу» угаварыла яго застацца. Зараз ён жыве ў валанцёркі Ані, а на пляцоўцы ulej.by вядзецца збор сродкаў на квіток мастаку дадому ў Бразілію.

Яшчэ некалькі дзён – і праект будзе скончаны. Раней белы фасад будынку Культцэнтру «Корпус» стане калярова-фантастычным. Мастак Дыега малюе адзін, часам яму дапамагаюць валанцёры.

Першапачаткова планавалася, што мурал будзе скончаны да 4 верасня, і на гэтую дату ў Дыега былі квіткі дадому. Але беларускае надвор’е сапсавала ўсе планы, квіткі было вырашана памяняць.

«Мы проста сядзелі за кампʼютарамі і на адной старонцы ў нас быў прагноз надворʼя, на другой – расклад рэйсаў», – распавядае Ганна з каманды «Корпусу». На новыя квіткі грошы збіралі самі і сярод знаёмых.

Але 6-га верасня Дыега нікуды не паехаў, бо надворʼе зноў сапсавала працу. Яго зноў папрасілі застацца да 16-га верасня. На новыя квіткі, а таксама на тыдзень жыцця і працы мастака ў Менску, патрэбна каля 1500 BYN, і іх было вырашана паспрабаваць сабраць праз краудфандынг на пляцоўцы ulej.by. 

Дыега размалёўвае сцены будынку Культцэнтр «Корпус».

За ўнесак можна атрымаць налепкі і паштоўкі з малюнкамі Дыега, а таксама сустрэчу з мастаком і камандай «Корпусу». Добраахвотнікаў запрашаюць у суботу дапамагаць пакрываць лакам сцены з малюнкам.

«Дыега кажа, што ў яго ўсё добра, але мне падаецца, што ён трошкі сумуе. Мы намагаемся весяліць яго, як можам. Ён маўклівы і разгаварыць яго цяжка, але ж калі атрымаецца, то гісторыі льюцца ракой», – распавядае Ганна.

ВЧ, belsat.eu, фота Ганна Дапшэвічуце, Культцэнтр «Корпус»

Стужка навінаў