Беларускаму архітэктару Мікіце Домрачаву, брату Дар’і Домрачавай, прызначалі штраф у памеры Br 540. Сам ён на судовым паседжанні адсутнічаў.
Мікіту Домрачава судзілі паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах) за марш 11 кастрычніка. Нагадваем, што ў той дзень Мікіту моцна збілі працаўнікі амапу, пасля чаго ён трапіў у лякарню.
На судзе адвакатка заявіла, што ў пратаколе ўтрымліваюцца няслушныя звесткі пра месца і час затрымання, што пацвярджае відэа і фота, на якім збіваюць Мікіту. Таксама месца затрымання адрозніваецца ў складзеных пратаколе і рапарце.
Вось частка размовы адвакаткі са сведкам Нараўцом пра месца затрымання Мікіты:
Адвакатка: – Дзе было месца затрымання?
Наравец: – На вуліцы, натуральна.
Адвакатка: – У рапарце пазначана, што затрыманне адбывалася па адрасе пр-т Пераможцаў 31…
Наравец: – Калі там быў указаны гэты адрас – значыць гэты адрас.
Адвакатка: -… але ў пратаколе пазначана вул. Зыбіцкая. Як вы маглі знаходзіцца ў двух месцах адначасова?
Наравец:- Не магу адказаць.
Увесь час адвакатка настойвала, што міліцыянты, якія выступаюць у якасці сведак па справе, не зʼяўляюцца сапраўднымі працаўнікамі Фрунзенскага РУУС, бо дагэтуль людзі з гэтымі ж прозвішчамі выступалі сведкамі на судзе другога раёна, і іх паказанні маюць недакладную інфармацыю. І ўвогуле ёсць падставы сумнявацца, што сведкі сапраўдныя, а пратаколы апытання і рапарты нельга выкарыстоўваць у якасці доказу віны.
На судзе сведкі прысутнічалі праз скайп, але ідэнтыфікаваць іх было немагчыма: на чорным фоне ледзь можна было ўбачыць сілуэт чалавека ў балаклаве. Ужо пазней сведка Мінкавец прызнаў, што іх сапраўдныя імёны і подпісы ў справе былі змененыя з мэтай бяспекі, але не змог растлумачыць, на падставе якога дакументу дазваляецца ўносіць звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці:
Адвакатка: – Міхавец, вы складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні?
Мінкавец: – Цалкам магчыма.
Адвакатка: – Гэта ваша сапраўднае прозвішча?
Мінкавец: – Прозвішча было зменена з мэтай бяспекі
Адвакатка: – А подпіс у пратаколе сапраўды?
Мінкавец: – Іншы, чым у мяне ў пашпарце.
Адвакатка: – Тады падкажыце, якім дакументам вам дазволена ўносіць звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці?
Мінкавец: – Я не ўпаўнаважаны адказваць.
Таксама на судзе праз Viber у якасці сведкі прысутнічала аўтарка аднаго з відэа на якім затрымліваюць і збіваюць хлопца, якая дала паказанні на карысць невінаватасці Мікіты.
Аднак пасля трохгадзіннага паседжання, нягледзячы на ўсе шматлікія несупадзення ў справе і сумневы ў адносінах да сведкаў суддзя Брычкоў прызнаў Мікіту вінаватым у правапарушэнні і прызначыў мерай пакарання штраф у памеры 20 базавых велічыняў (540 рублёў).
АД belsat.eu