Брат загінулага ў Магілёве хлопца: Спадзяюся, гэтая смерць спыніць ахвочых пакатацца на той страшнай гары


Трагічнае здарэнне адбылося 6 студзеня ў новым парку Падміколле ў Магілёве. На несанкцыянаванай горцы разбіўся маладзён. Унізе горкі ён сутыкнуўся са слупам, удар прыйшоўся на галаву. Хуткая прыехала на месца праз 10 хвілінаў, але дапамагчы ўжо нічым не здолела.

Загінулым аказаўся 24-гадовы жыхар Магілёва Аляксей. 6 студзеня ён прыйшоў на стыхійную горку разам з сябрамі, але яны ад каментароў адмовіліся.

Hавiны
У Магілёве загінуў хлопец, калі з’язджаў з горкі
2019.01.06 22:42

Каб даведацца стаўленне сям’і да здарэння, мы паразмаўлялі з ягоным стрыечным братам Яўгенам Пазняковым:

– Мы з Аляксеем былі ў вельмі добрых стасунках, раслі разам, часта бачыліся. Зусім нядаўна ён званіў мне і мы збіраліся сустрэцца.

З гэтага месца ехалі хлопцы

Яўген даведаўся пра смерць брата толькі 7 студзеня ад сваякоў. Яўген удзячны ўсім, хто не застаўся абыякавым да іх трагедыі. На ягоную думку, чым болей чалавек даведаецца пра здарэнне, тым болей шанцаў, што яно не паўторыцца зноўку.

Горка ў парку Падміколле мае вельмі крутыя, небяспечныя для катання схілы

Слуп унізе горкі, з якім сутыкнуўся Аляксей, паставілі літаральна за пару дзён да здарэння – пра гэта паведаміў tut.by са спасылкай на словы вартаўніка парку Аляксандра. Атрымліваецца, што людзі каталіся з гары ўжо як мінімум 3 тыдні, і раптам пад горкай з’яўляецца новая перашкода – слуп. Мы пастараліся знайсці доказы: апошняе відэа без слупа, якое нам удалося адшукаць, датуецца 24 снежня 2018 годам. Гэта значыць, што як мінімум 24 снежня 2018 года слупа пад горкай яшчэ не было.

Скрын відэа за 24 снежня 2018 году, на якім яшчэ няма слупа

– Сёння Аляксея пахавалі ў вёсцы Душкі Горацкага раёну, адкуль ён сам родам, дзе жывуць ягоныя бацькі. Аляксей нарадзіўся і вучыўся ў вёсцы, а пазней пераехаў у Магілёў і працягнуў навучанне на зваршчыка. Аляксей шмат працаваў з дзяцінства, дома дапамагаў бацькам, пасля працаваў на магілёўскім заводзе «Строммашына». Служыў у войску, пасля якога паставіў мэту зарабіць грошы і стварыць сямʼю, дзеля гэтага нават паехаў на заробкі ў Расею.

Бяспечнай лічыцца горка пры схіле не болей 20 градусаў

Апошнія некалькі год Аляксей жыў у Магілёве. Здымаў кватэру, працаваў таксістам. Ён ажыццявіў сваю мару – стварыў сямʼю: у яго засталася жонка і сын-немаўля.

– Цешыць адзінае, што Аляксей паспеў пакінуць частку сябе – свайго сына. Як кажуць, Бог забірае самых лепшых. Аляксей заўсёды быў стрыманы, добра выхаваны, працалюбівы. Ён быў здольны вырашаць праблемы, – кажа стрыечны брат Аляксея Яўген Пазнякоў.

Сведкі здарэння паведамлялі, што хлопец разбіўся на цюбінгу. Але сёння сайт mogilevnews.by са спасылкай на следчы камітэт праінфармаваў, што маладыя людзі каталіся на аўтамабільнай шыне. Следчы камітэт распачаў даследчую праверку справы, праводзяцца пэўныя экспертызы.

Горку раскаталі ўздоўж новай лесвіцы

Трагедыя моцна зачапіла грамадства Магілёва, бо людзей папярэджвалі пра небяспечную горку, але яны ўсё роўна ішлі на яе катацца. За дзень там маглі скаціцца з гары сотні гараджанаў. Калі з’явілася інфармацыя пра шматлікія траўмы, якія атрымалі аматары зімовых забаў у парку Падміколле, на гары паставілі таблічку, што катацца з яе забаронена. Але і гэта не спыніла людзей.

Горку ў Падміколлі раскаталі самі людзі, яна ніколі не была прызначана для катання. Але ніхто і не перашкаджаў ахвочым спускацца з гары. Унізе стаяў нарад міліцыі, сачыў за парадкам у парку, але на людзей, якія катаюцца з гары, асабліва не звяртаў увагі.

Грамадзянам катацца з горкі ў Падміколле было вельмі зручна: парк знаходзіцца ў самым эпіцэнтры святаў, у цэнтры гораду. Да таго, ён яшчэ і бясплатны, у адрозненні ад афіцыйных месцаў катання.

З аднаго боку лесвіцы ўнізе горкі чакае дрэва і лаўкі

Горка зусім не прыстасавана для катання. Яна дужа крутая, унізе абрывістая, як кажуць, з трамплінам. Людзі раскаталі абодва схілы ўздоўж лесвічнага спуску з фантанамі. З аднаго боку пад гарой стаіць дрэва і лаўкі, з іншага – паставілі слуп, ляжаць паддоны. Раней тут яшчэ стаялі будаўнічыя матэрыялы на паддонах, але іх прыбралі пасля таго, як адзін з магілёўцаў пры зʼездзе з гары траўмаваў аб іх ногі.

Людзі сталі катацца з абодвух бакоў лесвіцы

Праз два дні на месцы здарэння ўсё яшчэ бачна кроў на снезе. На злашчасным слупу вісяць штучныя кветкі, а на зямлі пад ім ляжаць два гваздзікі з чорнай жалобнай стужкай.

За час зімовых святаў горкі ў парку Падміколле раскаталі да самага нізу

– У смерці Аляксея я не вінавачу нікога, ні ўладаў, ні праваахоўныя органы, – кажа брат загінулага Яўген Пазнякоў. – Я разумею, што пра небяспечнасць горкі было і па тэлебачанню, і таблічкі стаялі. Гэта проста жудасны выпадак. Я чуў, што пасля смерці Аляксея ўлады ўзмацнілі кантроль, паставілі патрульных наверсе гары. Канешне, нашай сямʼі гэта ўжо не дапаможа, але спадзяюся, што падобных выпадкаў болей не здарыцца ні з кім. Я спадзяюся, што гэтая смерць спыніць ахвочых пакатацца на той страшнай гары.

Пасля здарэння колькасць таблічак у парку паболела

Belsat.eu прыносіць свае спачуванні родным і блізкім загінулага.

Вольга Васільева/belsat.eu

Стужка навінаў