«Брат пайшоў на брата. Зусім як ва Украіне». Вернікі ў Бягомлі пастанавілі закрыць царкву на знак пратэсту


Вернікі Бягомля, якія абараняюць святара Валерыя Цімкова, вырашылі закрыць мясцовую царкву на знак пратэсту супраць дзеянняў Полацкай епархіі. Яны таксама звярнуліся з просьбаю аб дапамозе да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта прыхаджане царквы Усіх Святых у Бягомлі распавялі belsat.eu.

Канфлікт паміж жыхарамі Бягомля і Полацкай епархіяй цягнецца з канца 2018 года. Прычынай канфлікту стаў лёс айца Валерыя Цімкова, якога царкоўнае кіраўніцтва абвінаваціла ў «распусных стасунках» з 47-гадовай замужняй жанчынай Таццянай (імя зменена з этычных меркаванняў). Святара пазбавілі сану і забаранілі яму служэнне. Аднак прыхадскі савет устаў на абарону айца Валерыя і абвесціў байкот рашэнням Полацкай епархіі.

Святар Валерый Цімкоў і бягомльскія вернікі пасля аўдыенцыі ў мітрапаліта Паўла 11 красавіка. Фота прадстаўлена вернікамі

Напачатку красавіка ў Бягомль прыбыла спецыяльная камісія Полацкай епархіі (у складзе 10 чалавек), якая мусіла прыняць маёмасць мясцовай царквы і перадаць яе новаму бацюшкі, якога прызначылі замест айца Валерыя. Вернікі адмовіліся перадаваць ключы ад храму, аднак усё ж пагадзіліся, каб новы святар айцец Аляксандр праводзіў богаслужэння часова – да разгляду царкоўным судом другой інстанцыі апеляцыі па справе айца Валерыя Цімкова. Аднак нават з тэхнічнага пункту гледжання айцу Аляксандру цяжка несці службу ў храме Усіх Святых у Бягомлі: у адрозненні ад айца Валерыя новы святар пражывае не ў Бягомлі, а ў Полацку – то бок ездзіць на богаслужэнне яму трэба на адлегласць у 120 км. Да таго ж гэта не адзіны прыход, дзе ён служыць.

«Прыхадскі савет прызнаў дзейнасць айца Аляксандра нездавальняючай. Нармальная праца не адноўлена, богаслужэння праводзяцца нерэгулярна. Службы адбываюцца па суботах, напярэдадні святаў – не было службы ані на Радаўніцу, ані на Пасху. То бок службы адбываюцца толькі тады, калі зручна святару. Таму на мінулым тыдні прыхадскі савет прыняў рашэнне аб зачыненні храму да рашэння ўсіх пытанняў. Гэта нашая акцыя пратэсту супраць бяздзейнасці царкоўных уладаў», – распавяла belsat.eu Тамара – прыхаджанка храма Усіх Святых у Бягомлі, сябра рэвізійнай камісіі прыхадскога савету па справе айца Валерыя Цімкова.

Царква ў Бягомлі.
Фота: «Белсат»

Вернікі Бягомля скардзяцца на Полацкую епархію і царкоўным уладам, і свецкім. 2 траўня яны накіравалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. У дакуменце вернікі просяць вярнуць ім айца Валерыя Цімкова і протаіерэя Георгія Мялешку (прыхаджане сцвярджаюць, што ён быў пазбаўлены статусу за тое, што заступіўся за бацюшку Валерыя), а таксама абараніць ад «царкоўных расколаў». Да Лукашэнкі ў тэксце вернікі звяртаюцца «Вашая эксцэленцыя, паважаны Аляксандр Рыгоравіч…»

Зварот да Лукашэнкі, Андрэйчанкі і Гулякі. Фота прадстаўлена вернікамі

Раней, 15 красавіка, вернікі звярнуліся да Патрыяршага Экзарха і Сінода БПЦ, а 22 красавіка – да патрыярха Кірыла ў Маскву.

«Дапамажыце нам! Махавік вайны закруціўся, уцягваючы просты народ, царкоўную адміністрацыю Полацкай епархіі, царкоўны суд БПЦ. Брат пайшоў на брата. Зусім як ва Украіне», – адзначаецца ў звароце да Кірыла.

Зварот да Кірыла. Фота прадстаўлена вернікамі

Адказаў на свае звароты вернікі пакуль не атрымалі. Таксама пакуль не мела ніякіх наступстваў асабістая сустрэча з Уладзімірам Андрэйчанкам.

Дата разгляду царкоўным судом другой інстанцыі апеляцыі па справе айца Валерыя Цімкова дагэтуль не прызначаная. Прыхаджанка Тамара пры гэтым звяртае ўвагу: апеляцыя мусіць разглядацца на падставе матэрыялаў, якія ўжо ёсць у справе, аднак у другой палове красавіка царкоўныя ўлады праводзілі дадатковае апытанне людзей, што знаёмыя з айцом Валерыем, і «спрабавалі сабраць кампрамат на яго».

Цікава, што ў звароце да кіраўніка дзяржавы вернікі пішуць, што ілжэсведчанні супраць Валерыя Цімкова нібыта спрабуюць атрымаць ад «прадстаўнікоў БНФ» – так чальцы прыхадскога савету называюць некаторых жыхароў Бягомля, што адкрыта выступаюць супраць Лукашэнкі. Ці сапраўды гэтыя людзі маюць дачыненне да Партыі БНФ або КХП-БНФ, або вернікі проста рэтранслююць распаўсюджаны стэрэатып – высветліць не атрымалася.

З тэксту звароту да Лукашэнкі, Андрэйчанкі і Гулякі. Фота прадстаўлена вернікамі

«То бок цяпер будзе новы разгляд з новымі фактамі. Атрымліваецца, што гэта ўжо не апеляцыя, а новая справа», – кажа Тамара.

Адзначым, што, калі 5 красавіка ў Бягомль прыбыла спецыяльная камісія Полацкай епархіі, некаторыя чальцы камісіі ў прыватных размовах намякалі прыхаджанам, што айца Валерыя пакаралі не толькі і не столькі за «распусныя стасункі» – маўляў, грахоў за ім было шмат і рашэнне прынялі па сукупнасці.

Hавiны
Як жыхары Бягомля збунтаваліся супраць Полацкай епархіі
2019.04.06 09:10
  • Прычынаю канфлікту паміж жыхарамі Бягомля і Полацкай епархіяй стаў лёс святара Валерыя Цімкова. Айцец Валерый служыў у Бягомлі з 2002 года, дзякуючы яго намаганням і шчодрым ахвяраванням прыхаджанаў у Бягомлі ў лістападзе 2018 года нарэшце адкрылі новы храм. Але ўжо праз месяц прыйшла сумная навіна: святара пазбавілі сану, забараніўшы служэнне. Царкоўнае кіраўніцтва абвінаваціла яго ў «распусных стасунках» з 47-гадовай замужняй жанчынай Таццянай (імя зменена з этычных меркаванняў). Скаргу на бацюшку напісаў былы муж гэтай жанчыны і неўзабаве была створана адмысловая царкоўная камісія, якая мусіла праверыць выкладзеныя ў скарзе звесткі. Чальцы камісіі прыйшлі да Таццяны на працу і прымусілі напісаць распіску, што яна «адмаўляецца ад распусных стасункаў» з айцом Валерыем. Аднак потым жанчына падала тры пісьмовых абвяржэння і паскардзілася на псіхалагічны ціск з боку епархіі. І яна, і сам святар, і ягоная жонка, а таксама сябры сям’і лічаць абвінавачванні ў «распусных стасунках» паклёпам. Прыхадскі савет устаў на абарону айца Валерыя.
  • 5 красавіка ў Бягомль прыбыла спецыяльная камісія Полацкай епархіі (у складзе 10 чалавек), якая мусіла прыняць маёмасць мясцовай царквы і перадаць яе новаму бацюшку, якога прызначылі замест айца Валерыя. Аднак прыхадскі савет абвясціў байкот Полацкай епархіі. Па прыездзе камісіі каля мясцовага храму сабралася каля дзясятка вернікаў, якія горача абураліся паводзінамі епархіі, некалькі гадзінаў спрачаліся са святарамі і адмовіліся адчыніць храм. У выніку чальцы камісіі засталіся ні з чым – ключы дагэтуль захоўваюцца ў чальцоў прыхадскога савету.
Hавiны
«Мітрапаліт сказаў: вы ўсе пад крымінальнай справай ходзіце». БПЦ спрабуе задушыць бунт у Бягомлі
2019.04.12 16:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў