«Брат» арабскага бізнесоўца, чалавек з каманды Шэймана. Што вядома пра новага прэм’ера Беларусі


Belsat.eu распавядае малавядомыя факты пра новага прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанку.

Рамана Галоўчанка і ягоная жонка. Фота – artmedia.ae

Побач з Шэйманам

Галоўчанка нарадзіўся ў Жодзіна ў 1973 годзе, пачынаў вучобу ў СШ №1. Паводле «Нашай Нівы», у пачатку 80-х сям’я будучага прэмʼера пераехала ў Менску, бацька знайшоў працу на МТЗ у канструктарскім бюро. Хаця іх сямʼя не належала да савецкай наменклатуры, у пачатку 90-х Галоўчанка паехаў вучыцца ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў – элітны ВНУ, які рыхтуе кадры для МЗС Расеі.

Раман Галоўчанка. Фота – artmedia.ae

У 1996-м Галоўчанка скончыў усходняе аддзяленне факультэта міжнародных адносінаў і ў наступным годзе трапіў на працу ў апарат Савету Бяспекі Беларусі. Дзяржсакратаром на той момант быў Віктар Шэйман. Пра іх стасункі мы фактычна нічога не ведаем, але ў наступныя 12 гадоў кар’ера Галоўчанкі будзе неразрыўна звязаная з гэтым чалавекам. У 2000 годзе Лукашэнка прызначыць Шэймана генеральным пракурорам, а праз два гады ў генпракуратуру прыйдзе прафесійны дыпламат Галоўчанка – ён узначаліць адзін з аддзелаў. У 2005-2006-м Галоўчанка працаваў пад кіраўніцтвам Шэймана ў Адміністрацыі прэзідэнта, а потым услед за ім вернецца ў Савет Бяспекі. Паўсюль Галоўчанка курыраваў пытанні міжнароднай бяспекі і супрацы.

Характэрна, што ў канцы траўня 2020 года СМІ пісалі, што новым прэмʼерам можа быць прызначаны як раз Віктар Шэйман. Апошнім часам ён сапраўды часцей чым звычайна стаў з’яўляецца побач з кіраўніком дзяржавы. Шэйман быў адным з чатырох удзельнікаў палітычнай нарады 25 траўня, на якой Лукашэнка і абвесціў пра свой намер змяніць урад. Таксама кіраўнік Беларусі прыняў з дакладам Шэймана 28 траўня. Праз 6 дзён Галоўчанка быў прызначаны прэм’ер-міністрам.

Нарада ў Лукашэнка 25 траўня. Фота – president.gov.by

Спецыяліст па ААЭ

У 2009 годзе Галоўчанка ўпершыню трапіў непасрэдна на дыпламатычную працу – цягам пяці месяцаў ён быў дарадцам-пасланнікам амбасады Беларусі ў Польшчы. Пасля гэтага будучы прэм’ер быў прызначаны першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту.

У 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка накіраваў Галоўчанку амбасадарам Беларусі ў ААЭ і паставіў перад ім задачу дамагчыся «сур’ёзнага эканамічнага прарыву ў супрацы з краінамі Блізкага Усходу». Гэтае прызначэнне толькі на першы погляд можа паказацца выпадковым – насамрэч Галоўчанка ўжо меў досвед працы на арабскім напрамку.

«У першы раз я пабываў у ААЭ ў 1999 годзе, – распавядаў Галоўчанка ў красавіку 2013 года ў інтэрв’ю часопісу «Дзелавыя Эміраты», – Ужо тады краіна зрабіла на мяне досыць яркае ўражанне. За апошняе дзесяцігоддзе я прыязджаў сюды і ў суседнія краіны практычна кожны год, і мне заўсёды было цікава назіраць дынаміку развіцця рэгіёну, якую не сустрэнеш на ўсёй постсавецкай прасторы. Увесь час прыязджаў у камандзіроўкі, а вось на адпачынку ні разу не быў».

Раман Галоўчанка ў Дубаі, падчас святочнай імпрэзы 9 траўня 2018 года. Скрыншот з відэа Russian Emirates

Атрымліваецца, Галоўчанка рэгулярна лётаў у службовыя камандзіроўкі ў ААЭ яшчэ ў часы сваёй працы ў Савеце Бяспекі і Адміністрацыі прэзідэнта. З чым былі звязаныя гэтыя візіты будучы прэм’ер не тлумачыў. Але з улікам таго, што ў снежні 2009 года ён быў прызначаны намеснікам кіраўніка Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, можна выказаць здагадку, што і папярэднія ягоныя камандзіроўкі маглі быць звязаныя з вайскова-тэхнічнай супрацай дзвюх краінаў. У тым жа інтэрв’ю «Дзелавым Эміратам» ён падкрэсліваў, што вайсковае-тэхнічная супраца ААЭ і Беларусі цяпер настолькі добра развітая, што не патрабуе дадатковых намаганняў з боку амбасады.

«Вядома, я буду звяртаць на яе ўвагу, асабліва ўлічваючы тое, што я ведаю гэтыя пытанні знутры, аднак упор буду рабіць на эканамічную і інвестыцыйную супрацу», – падкрэсліваў ён.

Менавіта ў перыяд працы Галоўчанкі амбасадарам Аб’яднаныя Арабскія Эміраты сталі адным з самых любімых месцаў Аляксандра Лукашэнкі, куды ён прыязджае не толькі з працоўнымі візітамі, але і дзеля таго, каб ненадоўга «адысці ад штодзённага жыцця» і «абмакнуць ногі ў заліў». Паводле інфармацыі МЗС, з 2013 з 2017 год Лукашэнка чатыры разы наведае ААЭ толькі з афіцыйным візітам – удвая больш чым за папярэднія 19 гадоў.

Рамана Галоўчанка, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка ў ААЭ, кастрычнік 2014 года. Фота – president.gov.by

Рэгулярным госцем ААЭ з’яўляецца і Віктар Лукашэнка: ён не толькі часцяком суправаджае бацьку, але і неаднаразова наведваў гран-пры па аўтагонках «Формула-1» у Абу-Дабі.

Сваю працу на пасадзе амбасадара Галоўчанка апісваў як надзвычай напружаную. «Праца, сапраўды, ненармаваная, часам у дзве змены», – распавядаў ён журналістам. А ў вольны час, казаў Галоўчанка ў 2016 годзе, ён любіць чытаць па гісторыі, этнаграфіі і палітыцы Блізкага Усходу: «Мне яны дапамагаюць і ў працы, і ў жыцці».

Hавiны
З кім і навошта Віктар Лукашэнка лётаў у Абу-Дабі?
2020.03.05 21:23

Праз два гады Галоўчанка ўзначаліў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт (ДВПК) ва ўрадзе Сяргея Румаса.

Арабскі інвестар і алігарх Зайцаў

З прызначэннем на пост кіраўніка ўраду Галоўчанку публічна павіншаваў арабскі бізнесовец Таджэдзін Сэйф. Ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram некалькі фатаграфіяў з новым прэм’ерам Беларусі і назваў яго «любімым братам».

«Самая шыкоўная навіна за сёння. Мой дарагі сябар і любімы брат Раман Галоўчанка стаў новым прэм’ер-міністрам Беларусі. Усяго найлепшага!» – напісаў ён.

Фота: Instagram/tajeddineseif

Таджэдзін Сэйф – чалавек шчыльна звязаны з Беларуссю. Сваю першую адукацыю нарадзінец ААЭ атрымаў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце (скончыў ВНУ ў 2000-м). Паводле афіцыйнага сайту бізнесоўца, ён з’яўлецца генеральным дырэктарам і ўладальнікам кампаніяў Innovation Center Group і K&K Group, а таксама сябрам савету дырэктараў і партнёрам у больш чым 20 холдынгавых кампаніях у ААЭ, ЗША, Еўропе, Расеі і Беларусі. Сярод беларускіх партнёраў Таджэдзіна Сэйфы – кампанія «Сохра», «Брэміна-груп» і ФК «Дынама-Берасце». Да ўсіх гэтых актываў мае дачыненне набліжаны да Віктара Лукашэнкі алігарх Аляксандр Зайцаў.

Марадона (злева) і Сэйф (справа) у Берасці, чэрвень 2018 года

Летам 2018-га Таджэдзін Сэйф асабіста прывёз у Берасце футбольную легенду Д’ега Марадону. У тым жа годзе на малой радзіме Лукашэнкі ў Александрыі Сэйфа і Зайцаў урачыста адкрылі філіял дзіцячай акадэміі футболу «Дынама-Берасце».

Сэйф і Зайцаў на адкрыцці футбольнай акадэміі ў Александрыі. Фота – innovationcentergroup.com

Але двух бізнесоўцаў аб’ядноўваюць не толькі спартовыя праекты. Напрыклад, у 2018 годзе Зайцаў і Сэйф разам адкрывалі дзелавы цэнтр INWEX у адным з хмарачосаў Дубаі. Невядома, якой была доля ўдзелу беларускага боку ў гэтым праекце, але справа атрымала падтрымку на дзяржаўным узроўні – сімвалічную стужку дзелавога цэнтру перарэзаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Сэйф, Макей, Зайцаў і Галоўчанка. Фота – facebook.com/inwexworld

Як паведамляецца на сайце Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП), Сэйф з 2007 году «актыўна ўзаемадзейнічае» з амбасадай Беларусі ў ААЭ, аказвае беларускаму боку садзейнічанне ў пошуку бізнес-партнёраў у краінах Персідскай затоцы, у арганізацыі гандлёва-эканамічных, спартовых, гуманітарных і іншых сумесных праектаў. Праз гэта ў сакавіку 2019 года Сэйф быў прызначаны прадстаўніком БелГПП у ААЭ.

Сэйф і Зайцаў на сустрэчы ў БелГПП у Менску. Фота – facebook.com/inwexworld

Калі Галоўчанка пазнаёміўся з Сэйфа (падчас працы амбасадарам або да таго) невядома. Але стасункі з завяршэннем дыпламатычнай місіі Галоўчанкі ў ААЭ не скончыліся. У лютым 2019 года Сэйф выклаў сэлфі з будучым беларускім прэм’ерам з форуму ўзбраенняў IDEX-2019 у Абу-Дабі.

Галоўчанка і Сэйф, люты 2019 года. Фота – tajeddineseif

Туды Галоўчанка прыбыў з афіцыйным візітам у якасці старшыні ДВПК. На палях форуму ён разам з Сэйфам сустрэўся з прынцам Абу-Дабі, намеснікам вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі ААЭ Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.

Галоўчанка, Сэйф і прынц Абу-Дабі. Фота – tajeddineseif

Вядома, што партнёр Сэйфы Аляксандр Зайцаў мае інтарэсы ў абароннай сферы. Паводле выдання «Ежедневник», ягоная кампанія Sohra Overseas разам з дзяржаўным прадпрыемствам ВПК «Белспецзнештэхніка» – сузаснавальнікі абароннай кампаніі «БСЗТ – Новыя тэхналогіі». У прыватнасці, «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» займаюцца мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі і ракетных сістэмаў класа «паветра-паветра». А ў 2018-м «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» па загадзе Аляксандра Лукашэнкі запусціла ў Аршанскім раёне першую ў Беларусі вытворчасць патронаў.

Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 14:49

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў