Br 25,5 за снежную бабу, Br 2550 за асвятленне пратэстаў


Сёння ў Берасці судзілі журналістаў і праціўнікаў будоўлі акумулятарнага заводу. Юлію Нічыпарук прызналі вінаватаю ў парушэнні арганізацыі правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП РБ) і пакаралі штрафам на 1 базавую велічыню. Іронія ў тым, што Юлію пакаралі за снежную бабу, якую зляпілі ейныя дзеці.

5 студзеня ў гадавіну пратэстаў супраць будоўлі акумулятарнага заводу актывісты прыехалі да прадпрыемства, каб адзначыць гэтую падзею. Некаторыя ўзялі з сабою дзяцей, і тыя зляпілі снежных баб. Для берасцейкі Юліі Нічыпарук забава скончылася адміністратыўным пратаколам, яго склалі ў міліцыі Берасцейскага раёну. А 30 студзеня суддзя Сяргей Маручак пастанавіў, што стварэнне снежнай бабы падпадае пад артыкул 23.34 КаАП РБ і прысудзіў Юліі штраф памерам 25,5 рублёў.

Cуддзя Сяргей Маручак прысудзіў штраф за лепку снегавіка ды ўпрыгожванне яго налепкамі супраць зводу. На думку суддзі такія дзеянні з’яўляюцца пікетаваннем.
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу праыйшлі ў суд каб падтрымаць Юлію Нічыпарук.

«Да апошняга верыла, што мяне апраўдаюць, але цуду не здарылася. Для мяне дзіўна, што ў нашай краіне пераследуюцца любыя выказванні, людзям не даюць выказаць свайго меркавання. Хоць мы нічога не рабілі, не скандавалі ніякіх лозунгаў, нічога не дэманстравалі, хоць маем на гэта права, але ў выніку штраф. Але я адчула велізарнае падтрыманне людзей», – распавяла Юлія «Белсату».

Пікет снегавікоў

У сваю чаргу журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву, якія асвятляюць пратэсты, пакаралі штрафам на 2550 рублёў. Рашэнне агучыў у судзе Ленінскага раёну Берасця суддзя Дзмітрый Шурын.

«Нас з Міланаю Харытонаваю павінныя былі судзіць яшчэ 25 студзеня, але нешта ў іх пайшло не так, таму працэс перанеслі на 30 студзеня, нас судзілі адразу паводле чатырох пратаколаў, за тое, што мы асвятляем пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу», – заявіў Алесь Ляўчук «Белсату.

Толькі ў гэтым месяцы суддзя Дзмітрый Шурын аштрафаваў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву на 2400 долараў, а іхны агульны штраф за апошнія месяцы наблізіўся да 8000 долараў. Журналісты не бяруць удзелу ў судовых паседжаннях, бо ўпэўненыя, што гэта палітычная замова з вядомым вынікам.

АС belsat.eu

Стужка навінаў