БПЦ зрабіла прапановы аб змене Канстытуцыі


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін заявіў, што ў Беларускай праваслаўнай царквы ёсць прапановы ў Канстытуцыю. Змяненне Канстытуцыі ініцыюе Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведамляе тэлеканал ОНТ.

Мітрапаліт заявіў, што БПЦ у сваіх прапановах у Канстытуцыю закранае перш за ўсё сацыяльную сферу.

«Гэта і замацаванне ў Канстытуцыі панятку аб шлюбе з улікам хрысціянскай традыцыі, традыцыі беларускага народу. Гэта і замацаванне пэўных сацыяльных пытанняў, якія маюць быць пазначаныя: клопат пра новае пакаленне, пра людзей нямоглых, пажылых. І пытанні магчымасці выхавання новага пакалення на традыцыях беларускага народу, патрыятычнае выхаванне. Як гэта лепш зрабіць, каб маладыя не толькі атрымлівалі выдатную адукацыю, але быў і духоўны складнік у фармаванні маладога чалавека? Пра гэта, вядома, мусіць паклапаціцца і дзяржава, і мы на лініі царкоўнай прапануем, як гэта можна зрабіць», – адзначыў ён.

«Мы свае прапановы вынеслі. Калі яны будуць падтрыманыя, то адпаведным пунктам [у Канстытуцыі], які будзе дазваляць і нават рэкамендаваць правядзенне курсаў, што спрыяюць менавіта духоўнаму развіццю асобы на традыцыях беларускага народу», – дадаў Веньямін.

Карэспандэнт ОНТ запытаў, што мусяць рабіць беларусы, каб захаваць «астравок стабільнасці»:

«Аналіз мінулага года і выпраўленне памылак, пакаянне ў тых няправільных дзеяннях, якія былі, з выпраўленнем, загладжваннем добрымі справамі – гэта асноўны ўнёсак. Ну, і асцярожнасць у справах і ўчынках – усё ўзважана, усё з любоўю. Каб не было развіцця супрацьстаяння. Імкненне арыентавацца на волю Божую».

Нагадаем, Лукашэнка пачаў актыўна прасоўваць ідэю змянення Канстытуцыі на фоне масавых пратэстаў пасля выбараў 2020 года і глыбокага палітычнага крызісу. Зместу паправак улады не агучваюць, аднак факт карэктавання асноўнага закону краіны выдаюць за імкненне да дыялогу з грамадствам.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў