«Божыя гладыятары» ў Бразіліі


Ува што можа перарасці рэлігійная нецярпімасць, можна пабачыць на прыкладзе Блізкага Усходу. Але з чаго яна вырастае? У Бразіліі з’явіліся атрады рэлігійных фанатыкаў з жалезнай дысцыплінай, агнём у вачах і гатоўнасцю біцца за свае святыні. І гэта не мусульмане. Непасрэдна з Бразіліі – рэпартаж Вольгі Ермалаевай-Франко.

«Палюбі бліжняга свайго, як сябе самога» – кажа Біблія. «Бі таго, хто няправільна моліцца Богу» – кажуць вернікам святары неапратэстанцкай Універсальнай царквы царства божага. У кіраўніцтва вось гэтай царквы ёсць грошы, сувязі ва ўладзе і сваё прыватнае войска.

Універсальная царква мае філіялы ў 180 краінах свету і больш за 8 мільёнаў вернікаў. Шчодрыя ахвяраванні ідуць на вялізныя бажніцы. Напрыклад, Храм Саламона, што стаіць у Сан Паўлу – самы вялікі святарны дом у Бразіліі. На пабудову гэтага божага стадыёну пайшлі сотні мільёнаў долараў, а на адкрыцці прысутнічалі першыя асобы Бразіліі, вядомыя ў свеце, між іншага, карупцыйнымі скандаламі.

Лэандру Дыас, святар кандамблэ:

«Гэтая царква разраслася, зарабіла грошы, скарыстаўшыся недахопам культурнасці, неталерантнасцю, расізмам у Бразіліі. Царква бярэ рэлігію афрыканскага паходжання і абвінавачвае ў пакланенні дяблу. Вернікам кажуць: глядзі, тваё жыццё кепскае з-за ведзьмаў, з-за чорнай магіі».

У сваіх вулічных казаннях неапратэстанты часта распальваюць варожасць да іншых рэлігіяў ды канфесіяў хрысціянства, а таксама да сексуальных меншасцяў.

Даходзіць нібыта да смешнага – адзін з пастараў абвінаваціў гомасексуалістаў у тым, што яны выклікалі засуху сваймі гей-парадамі.

Сержант Ізідорю, дэпутат і пастар:

«Бог адвярнуўся ад нас, гэта пачатак Божага гневу на тое, што ў нашай Бразіліі ёсць гомасэксуалізм.

Сан-Паўлу неабходныя нашыя малітвы, пяць дзён трэба маліцца. Тады Бог пачуе, Бог прабачыць і пашле дождж на зямлю».

Апаненты стараюцца пазбягаць канфліктаў, бо ў неапратэстантаў ёсць своеасаблівае войска – больш за 4 тысячы так званых Гладыятараў Алтару. Яны маршыруюць і выкрыкваюць лозунгі, дэманструюць гатоўнасць да дзеянняў. Кіраўніцтва царквы кажа, што так рыхтуе дысцыплінаваных святароў. І гэта не чыста бразільская пагроза: атрады гладыятараў алтару створаныя таксама ў Калумбіі ды Аргентыне.

Аўсідэс Карвалью, святар кандамблэ:

«У сярэдзіне 90х ужо існавала так званае Войска Езуса, дзе мужчыны насілі камуфляжныя кашулі, як у сапраўдным войску. Потым гэтае Войска Езуса кудысьці знікла, затое з’явіліся Гладыятары».

Гладыятары – закрытая структура. Яны не даюць каментароў, затое фізічна атакуюць бажніцы. Спірытыстаў, што вераць у магчымасць размаўляць з памерлымі. Афра-бразільскай рэлігіі Кандабле, што ўваходзяць у транс з дапамогай танцу. Гладыятары нападаюць нават на каталікоў, яны разбіваюць фігуры святых, бо лічаць іх фігурамі дябла.

Неапратэстанты закідваюць соллю і камянямі прадстаўнікоў кандабле, што збіраюць ахвяраванні на вуліцах.

Жасіара Рыбэйру, святарка кандамблэ:

«Мая маці памерла 15 гадоў таму ад інфаркту, пасля агрэсіі з боку евангелістаў, што ўварваліся ў наш храм. Таксама яны выкарыстоўвалі яе здымак у сваёй прапагандзе нянавісці».

Лідары традыцыйных бразільскіх рэлігіяў аб’ядналіся ды падалі ў пракуратуру петыцыі з патрабаваннем абараніць іх ад атакаў ды разабрацца, што гэта за Гладыятары. Больш за ўсё яны баяцца, што ў мультыкультурнай краіне можа пачацца рэлігійная вайна.

Вольга Ермалаева-Франко, Бразілія

Стужка навінаў