Борт № 1: яшчэ адзін пралёт паражняком

24 чэрвеня борт № 1 Рэспублікі Беларусь здзейсніў чарговы пралёт над дзяржаўнай мяжой, якая ўсцяж аддзяляе нашу краіну ад Расейскай Федэрацыі. Спачатку – у сталіцу радзімы кіраўніка беларускай дзяржавы. Потым – у сталіцу беларускай дзяржавы.

Свята з нагоды паўтарэння Парада Перамогі ўдалося. Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі сядзелі ў адным шэрагу з былым чальцом Палітбюро ЦК КПСС таварышам Доўгіх Уладзімірам Іванавічам. Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі атрымалі месцы ў шэрагу з менш тытулаванымі ветэранамі вайны і працы, а таксама з усмешлівымі сувораўцамі. Карціна атрымалася радасная. Цалкам радасная, я б сказаў.

Новости
Лукашенко приехал в Москву на парад. И назвал ее «столицей родины»
2020.06.24 17:09

Пагаварыць, праўда, з гаспадаром урачыстасцяў не ўдалося: беларускія госці былі вымушаныя тэрмінова вярнуцца на ра… – прабачце: у сваю дзяржаву – праз напружаны графік. Таму пытанні аб цэнах на газ і аплаце запазычанасці беларускага боку, аб уласнасці расейскай дзяржаўнай манаполіі на тэрыторыі суверэннай, але ўсцяж брацкай Беларусі, а таксама аб тым, каго ж меў на ўвазе генерал Церцель І. С., калі заяўляў, што нібыта крадзяжы, што адбываліся ў «Белгазпрамбанку», крышавалі «вышэй за Газпром», пакуль засталіся без адказу.

Фота: kremlin.ru

Але тут, як гаворыцца, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сам вінаваты. Трэба было падабраць іншы час для адпаведнай размовы. Не такі святочны. Ён жа не двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Іванавіч Доўгіх, які можа, дай бог яму здароўя, і не дажыць да наступнай сустрэчы з сямействам Лукашэнкаў.

Зрэшты, як высвятляецца, падабраў і іншы час. 30 чэрвеня. Пад Ржэвам адкрыюць мемарыял савецкаму салдату.

Памятаеце, у Аляксандра Твардоўскага:

Я убит подо Ржевом,

В безыменном болоте…

Вось туды, у гэтае безыменнае, можна сказаць, балота запрошаная сям’я кіраўніка пакуль яшчэ суверэннай беларускай дзяржавы. І як знайсці час у такім напружаным графіку, што нават тэлеграм-канал «Пул Шостага» ведае, што гэтага часу – няма…

Фота: kremlin.ru

Тым больш, што акурат да 30 або 31 чэрвеня ў нас мусіць быць адказ, каго менавіта рэгіструе Лідзія Міхайлаўна Ярмошына ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах, якія сутаргава працягваюцца. Уяўляеце, як сябе будзе адчуваць наш ПолШостага, калі яна раптам яго не зарэгіструе? Або зарэгіструе – але не толькі яго? Як жа пасля гэтага глядзець у вочы аднаму? Той жа можа ўсё не зусім дакладна зразумець.

… А так усё добра ішло. Усе аналітыкі і сілавікі спадзяваліся, што адказ на галоўнае пытанне будзе атрыманы. Дадуць ім прытулак у выпадку чаго – ці хаця б палітычны «дах» на выпадак працягу надзвычайнага становішча, што мяжуе з абстрэлам у тым самым «безыменным балоце»? Адказу няма.

Няма адказу. Зрэшты, з часоў выбітнага ўкраінскага пісьменніка Міколы Гогаля Русь не дае адказу. Прыходзіцца трымацца боку і неўзаемна лётаць туды-сюды. Паражняком лётаць. З грузам адказнасці перад дзецьмі – але паражняком.

І толькі Качанава не падвяла. Яна паабяцала быць з ім да канца.

Ух. Нават ад сэрца адлягло. А магла б і не паабяцаць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў