Беларускія кухары змагаюцца за страўнікі зорак Украіны. Чым здзівіць новы сезон «Я не буду гэтага есці!»?


Промаролік новага сезону «Я не буду гэтага есці!»

На «Белсаце» стартуе новы сезон «Я не буду гэтага есці!». Гэта першае ў свеце тэрапеўтычнае кулінарнае шоу, у якім нашыя шэф-кухары лечаць траўмы, звязаныя з ежай. І гэтым разам мы едзем ва Украіну.

Прэм’ера – ужо ў нядзелю, 1 сакавіка, а 19:35.

«Я не буду гэтага есці!» – хоць раз заяўляў у дзяцінстве кожны з нас. Шмат хто дагэтуль не можа дакрануцца да маннай кашы. А гарачае малако з плеўкамі, а тварожная запяканка або смярдзючыя катлеты са школьнай сталоўкі?

У студыю мы запрашаем вядомых людзей, якія распавядаюць, да якой стравы яны дагэтуль не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Чый аўтарскі рэцэпт будзе лепшы: Вольгі ці Аляксандра? Пераможцу кулінарнай бітвы абірае госць праграмы.

Якія толькі выпрабаванні ні чакалі нашых шэф-кухараў! Для пераможцы «Еўрабачання–2004» Русланы, якая захапляецца сыраядзеннем, трэба было прыгатаваць суп. Акторцы, рэстаратарцы ды вядоўцы папулярных ва Украіне кулінарных тэлепраектаў Дашы Малахавай – дагадзіць са шніцалем, які нагадваў ёй пра школьную сталоўку. Давялося нават свідраваць страусіныя яйкі!

Hавiны
Аўтарка тэлешоу «Я не буду гэта есці!»: дзіцём я стаяла ў чэргах па хлеб і малако
2018.02.19 12:32

Але, бадай, самую складаную задачу паставіў наш зямляк Дзмітрый Танковіч, калісьці – капітан папулярнай каманды Клубу вясёлых і знаходлівых «ЧП», цяпер – вядоўца на ўкраінскім тэлебачанні. А менавіта: прыгатаваць боршч смачнейшы, чым ва Украіне. Таму што за дзесяць год ягонай эміграцыі нікому гэтак і не ўдалося вылечыць гэтую кулінарную траўму.

Падчас здымкаў «Я не буду гэтага есці!» нават нарадзіўся жарт: ці не рызыкуе Дзмітрый грамадзянствам, прызнаючыся ў нелюбові да культавай стравы ўкраінскай кухні. Так з’явіліся дзве версіі баршчу: без бурака, у выкананні Аляксандра Чыкілеўскага, ды на італьянскі манер, аўтарства Вольгі Прыгаравай.

Аляксандр Чыкілеўскі, Руслана і Вольга Прыгарава ў студыі «Я не буду гэтага есці!». Фота belsat.eu

Якія яшчэ кулінарныя страхі пераследуюць вядомых людзей і ці атрымаецца ў нашых шэфаў іх выратаваць? Будзем распавядаць на «Белсаце» штонядзелю а 19:40. Глядзіце нас праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і ў закладцы праграмы «Я не буду гэтага есці!».

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў